Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: Нават пры тым, што я фактычна штодня сачу за амэрыканскай прэсай, я не магу дакладна зразумець, якія на сёньня рэальныя дадзеныя сацыёлягаў. Ідзе такая барацьба сацыялягічных дадзеных, што цяжка вызначыць, якія зь іх бліжэйшыя да сапраўднасьці — і вынікі іх вельмі розныя, нават у самых аўтарытэтных фірмаў. У сярэднім розьніца паміж кандыдатамі — 3-5%, але часам і 7% на карысьць Клінтан.
А большасьць амэрыканскай прэсы гэтым разам як ніколі адназначна на баку Клінтан, і асьвятляюць выбарчую кампанію вельмі аднабакова. Гэта таксама не спрыяе аб’ектыўнаму разуменьню карціны.
Дональд Трамп учора выступіў з грунтоўнай і праграмнай прамовай у культавым для амэрыканцаў месцы — Гетысбэргу. Фактычна ён даў па пунктах адказ на пытаньне, што ён будзе рабіць на пасадзе кіраўніка дзяржавы. Гэта дастаткова рэвалюцыйная прамова і даволі радыкальныя прапановы па зьменах у амэрыканскім жыцьці.
Шанцы ёсьць. Але няшмат, менавіта з-за амэрыканскай выбарчай сыстэмы.
Вяртаючыся да пытаньня — ці засталіся яшчэ шанцы ў Трампа? — я адкажу: так, шанцы ёсьць. Але няшмат, менавіта з-за амэрыканскай выбарчай сыстэмы, паводле якой важная ня большая колькасьць галасоў па ўсёй краіне, а перамога ў большасьці штатаў. Пераможца ў штаце атрымлівае ўсё.
Некалькі разоў было ў гісторыі, калі кандыдат па краіне атрымаў больш галасоў, але ня быў абраны, а быў абраны яго канкурэнт, які перамог у большасьці штатаў. Вось калі кандыдат выйграе ў нейкім штаце хаця б на адзін голас, то ўсе чальцы калегіі выбарцаў ад гэтага штату галасуюць за яго.
Шматлікія карты галасаваньня, якія амэрыканцы вельмі добра аналізуюць, паказваюць, што ў кандыдаткі ад Дэмакратычнай партыі нашмат лепшыя пазыцыі. Клінтан дастаткова выйграць толькі ў штатах, якія вагаюцца, каб атрымаць агульную перамогу.
Выглядае, што можа быць такая сытуацыя, калі Трамп выйграе сярэдзіну краіны, як вельмі часта бывае ў рэспубліканцаў, а Клінтан выйграе атлянтычнае ўзьбярэжжа, ад Нью-Ёрку да Бостану, і ціхаакіянскае ўзьбярэжжа — Каліфорнію, Сіэтл і гэтак далей. Нават пры тым, што вынікі па ўсёй краіне там будуць амаль роўныя — але паводле большай колькасьці штатаў выйграе Клінтан. Але шанцы ў Трампа яшчэ ёсьць, бо заўсёды можа здарыцца нешта незвычайнае.
Дракахруст: Я згодны, што шанцы ў Трампа яшчэ ёсьць. Сапраўды апытаньні цяпер нібыта паказваюць перамогу Клінтан. Вы сказалі пра разрыў у 3-4%, я бачыў нядаўняе апытаньне нават у 12% разрыву. Але не выключаю, што гэтыя апытаньні ня ўлічваюць так званы «эфэкт Жырыноўскага».
Справа ў тым, што Дональд Трамп — ня надта рэспэктабэльны кандыдат, ня надта кандыдат камільфо. Гэтую сытуацыю ствараюць тыя самыя агульнанацыянальныя СМІ — New York Times, Washington Post, CNN. І таму цалкам магчыма, што многім не зусім зручна, не зусім прыстойна і прыгожа адказваць, што яны будуць галасаваць за Трампа. Але рэальна частка з тых, хто ў апытаньнях кажа, што будзе галасаваць за Клінтан, насамрэч будуць галасаваць за Трампа. Гэта было ў Расеі ў 1993 годзе, гэта можа адбыцца і ў Амэрыцы.
Магчымы выкід выбуховага кампрамату, хоць, здаецца, ужо ўсё павыкідалі, але ўсякае можа быць.
Гэта, дарэчы, наколькі я памятаю, было падчас Брэксіту. Большая частка апытаньняў паказвала, што Брэксіт не адбудзецца, што большасьць прагаласуе за захаваньне Вялікабрытаніі ў Эўразьвязе, ну а вынікі мы ведаем.
Акрамя таго, выбары ня заўтра. Магчымы выкід выбуховага кампрамату, хоць, здаецца, ужо ўсё павыкідалі, але ўсякае можа быць. Вось як выскачыў кампрамат-відэастужка са шчыраваньнямі Трампа наконт жанчын. Але кампрамат можа абрынуцца і на другі бок.
Карбалевіч: Тыя сацыялягічныя апытаньні, якія цяпер фігуруюць, гэта агульнанацыянальныя апытаньні. Але выбары ў ЗША праходзяць трохі інакш. Таму акрамя агульнанацыянальных апытаньняў трэба мець расклад па штатах, асабліва ключавых. Тады можна рабіць высновы. Таму пытаньне адкрытае.
Акрамя ўсяго іншага супраць Трампа дзейнічае такі чыньнік, што людзі, якія ўсё жыцьцё займаюцца палітыкай, імкнуцца весьці сябе абачліва, асьцярожна, разумеючы, што за кожным іх крокам уважліва сочаць, і любы пракол можа выплыць у мэдыі і пахаваць іх кар’еру.
Супраць Трампа дзейнічае такі чыньнік, што людзі, якія ўсё жыцьцё займаюцца палітыкай, імкнуцца весьці сябе абачліва.
Трамп ніколі раней не займаўся палітыкай, ён навічок у гэтай сфэры. Усё папярэдняе жыцьцё ён жыў так, як хацеў: займаўся бізнэсам, спрабаваў сябе на тэлебачаньні і інш. То бок, жыў у сваё задавальненьне, ня надта клапоцячыся пра свой імідж. І вось цяпер, калі ён вырашыў пайсьці ў палітыку, усё шкілеты пачалі вылазіць з шафаў. Зьявіліся відэа, дзе ён зьняважліва кажа пра жанчын, зьявіліся жанчыны, якія праз шмат гадоў прыгадалі, што Трамп іх нібыта згвалціў або заляцаўся да іх. У прафэсійнага палітыка такой вялікай колькасьці шкілетаў не бывае.
Але пасьля падліку галасоў можа здарыцца вялікі скандал, калі Трамп, прайграўшы выбары, не прызнае іх вынікаў і закліча сваіх прыхільнікаў да грамадзянскага непадпарадкаваньня. Ад яго можна чакаць чаго заўгодна. Бо ён з самага пачатку разбурае ўсе правілы. Таму ўсё гэта можа выліцца ў палітычны крызіс.