Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня Ганна Канапацкая ня мае ў сваім службовым кабінэце, што ў Доме ўраду, партрэта Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта яна сказала сёньня Свабодзе:
«Наколькі я ведаю, партрэт Лукашэнкі ёсьць у кабінэтах усіх дэпутатаў, за выключэньнем майго. Заходзіш у любы кабінэт, і ён там вісіць. І ў мяне партрэт таксама быў. Але больш яго няма.
Дзяржаўны сьцяг у маім пакоі стаіць. Гэта дзяржаўны сымбаль. Я паважаю закон, і, адпаведна, і цяперашні дзяржаўны сьцяг. А партрэт не зьяўляецца дзяржаўным сымбалем».
А вось у службовым кабінэце Алены Анісім можна пабачыць і дзяржаўны сьцяг, і партрэт кіраўніка дзяржавы. Спадарыня Анісім з гэтай нагоды кажа Свабодзе:
«Я прыняла кабінэт такім, якім ён застаўся ад маёй папярэдніцы Валянціны Верас. Уся атрыбутыка — і партрэт, і сьцяг — засталіся ад таго часу.
З майго там толькі фатаздымкі дзяцей. Я свой службовы пакой яшчэ не абжыла. Нават уцяпляльнікаў не прыносіла. А там вельмі холадна».