Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў
Дракахруст: Беларусь прапануе Польшчы супрацоўніцтва ў пытаньнях паставак электраэнэргіі з будучай АЭС у краіны Эўразьвязу. Пра гэта заявіў учора прэмʼер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы зь віцэ-прэмʼерам Польшчы Матэвушам Маравецкім.
«Мы маглі б вельмі добра супрацоўнічаць у пытаньнях пастаўкі электраэнэргіі зь Беларусі ў Эўрапейскі Зьвяз, і польскі бок мог бы скарыстацца гэтай электраэнэргіяй або ажыцьцяўляць транзыт яе далей у Эўрапейскі Зьвяз» — сказаў Кабякоў. Нагадаю, першы энэргаблёк АЭС мяркуецца запусьціць у 2018 годзе.
Невядома, што адказаў Кабякову Маравецкі, але экспэрты досыць скептычна ставяцца да гэтай прапановы беларускага ўраду, найперш з-за пазыцыі Літвы. Літва вельмі востра крытыкуе будоўлю беларускай АЭС, там прынятае рашэньне, што калі станцыя будзе збудаваная, Вільня ні пры якіх абставінах ня будзе купляць электраэнэргію з БелАЭС.
На апошніх парлямэнцкіх выбарах перамогу атрымаў «Літоўскі саюз сялян і зялёных», на другім месцы — партыя кансэрватараў. Варта сказаць, што пазыцыя гэтых пераможцаў адносна АЭС у Астраўцы — значна больш жорсткая, чым папярэдняга ўраду сацыял-дэмакратаў. Так што можна чакаць, што цяпер Вільня будзе ціснуць на Менск у пытаньні АЭС яшчэ мацней.
Экспэрты таксама зьвяртаюць увагу на тое, што беларуская электрычнасьць ня так ужо Польшчы і патрэбная, а Беларусі прадаваць яе туды ня надта выгадна, выгадней на усход і на поўдзень, у краіны СНД.
Пастаўкі электрычнасьці зь Беларусі — гэта пэўная залежнасьць ад залежнай ад Расеі краіны.
Да таго ж адзначаецца, што Польшча робіць вялікія высілкі, каб зьнізіць энэргетычную залежнасьць ад Расеі. Беларусь — не Расея, але шчыльна зьвязаная зь ёй, станцыя будуецца за расейскі крэдыт, так што пастаўкі электрычнасьці зь Беларусі — гэта пэўная залежнасьць ад залежнай ад Расеі краіны.
Аднак на сытуацыю можа паглядзець і інакш.
Для Беларусі пастаўкі энэргіі з АЭС у краіны Эўразьвязу — пытаньне ня толькі камэрцыйнае, але і палітычнае. Так што нават калі гэта і ня надта выгадна, то ў такіх паставак ёсьць палітычныя бонусы. Гэта як з той жа азэрбайджанскай ці іранскай нафтай — вялікай патрэбы ў іх няма, але мець альтэрнатыву заўсёды карысна. І альтэрнатыву як пакупнік, як у выпадку з азэрбайджанскай і іранскай нафтай, і альтэрнатыву як прадавец, як у выпадку з пастаўкамі электраэнэргіі.
Зь іншага боку, зараз Польшча відавочна прэтэндуе на тое, каб быць своеасаблівым эўрапейскім мэнтарам Беларусі, галоўным прадстаўніком Эўразьвязу ў стасунках з Менскам. Пра тое сьведчыць і шчыльнасьць кантактаў, і пашырэньне эканамічных сувязяў, прынамсі, цяперашні эканамічны форум, які адбываецца ў Менску.
Ну а кантракты на пакупку энэргіі — гэта ня толькі прывязка Варшавы да Менску, але і Менску да Варшавы.
Сварыцца зь Вільняй Варшаве відавочна ня хочацца.
Ёсьць, праўда, і літоўскі фактар. Сварыцца зь Вільняй Варшаве відавочна ня хочацца. Але пратэсты Літвы супраць беларускай АЭС Польшча ніяк не падтрымлівала, яна можа разглядаць гэты канфлікт, як выключна двухбаковы. Тым больш, што ў адрозьненьні ад папярэдняга ўраду Літвы пераможцы нядаўніх парлямэнцкіх выбараў — «зялёныя», выступаюць наагул супраць будаўніцтва АЭС у рэгіёне. Менавіта іх высілкамі была спыненае будаўніцтва АЭС у самой Літве, у Вісагінасе. Пазыцыя ясная, але даволі радыкальная: ніякіх АЭС. У Варшаве ва ўладзе зусім не «зялёныя», ня факт, што тая так ужо будзе гатовая ісьці ў фарватэры палітыкі Вільні ў гэтым пытаньні.
Калегі, а якая вашая ацэнка: пастаўкі электраэнэргіі зь БелАЭС у Польшчу і праз Польшчу далей у краіны ЭЗ — пустая бурбалка ці рэальная пэрспэктыва?
Цыганкоў: Варта ацэньваць і з пункту гледжаньня сёньняшняга дня, і з пункту гледжаньня стратэгічнага, паколькі АЭС пабудуецца яшчэ праз некалькі гадоў, калі ўсё будзе ісьці паводле графіка. Палітычная сытуацыя за гэты час можа зьмяніцца. Але што застанецца адносна нязьменным, гэта процістаяньне з боку афіцыйнай Вільні дзейнасьці і самой ідэі беларускай АЭС.
Тое, што Вільня ўздымае гэтае пытаньне на эўрапейскім узроўні, можа значна ўскладніць пэрспэктывы адносінаў Беларусі і Эўразьвязу. Пакуль мы бачым, што і Эўразьвяз, і канкрэтна Польшча не прымаюць афіцыйна бок Літвы і яе нэгатыўнае стаўленьне да ідэі беларускай АЭС. Але калі ўявіць, што з-за нейкіх прычынаў, паведамленьняў пра аварыі ці нейкія недаробкі, інцыдэнты пры пабудове АЭС, грамадзкая думка зьменіцца не толькі ў Літве, але, напрыклад, і ў Польшчы, і гэта ўвогуле стане пазыцыяй усяго Эўразьвязу, то гэта будзе дастаткова крытычна, калі не сказаць, катастрафічна для пэрспэктывы беларускай АЭС.
Бо канстатавалася, што эканамічна яна мае сэнс пераважна для таго, каб прадаваць гэтую энэргію за мяжу, найперш ў Літву, Польшчу, Латвію, як краіны геаграфічна блізкія. Наколькі гэта атрымаецца, ад таго ў значнай ступені залежаць і эканамічныя пэрспэктывы.
У выпадку, калі не будзе ніякай дамоўленасьці і прадаваць не атрымаецца, тады АЭС можа пакрываць толькі патрэбы самой Беларусі і нават без экспарту яна можа выжыць. Але замежнапалітычны чыньнік у любым выпадку важны.
Інтарэсы ЭЗ могуць не супадаць з інтарэсамі Вільні і Варшавы ў гэтым пытаньні.
Інтарэсы ЭЗ могуць не супадаць з інтарэсамі Вільні і Варшавы ў гэтым пытаньні, могуць не супадаць інтарэсы Літвы і Польшчы, і афіцыйны Менск на гэтым можа гуляць, прапануючы, напрыклад, Варшаве нейкія зьніжкі.
Нядаўна Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ён запрашае літоўскіх спэцыялістаў з Ігналінскай станцыі для працы ў Астраўцы, што запрашае Літву разам падумаць, як спраектаваць беларускую АЭС. Гэта быў ход, які павінен быў улагодзіць Літву. Але, як бачым, гэтага не атрымалася, і цяпер Літва яшчэ больш варожа ставіцца, чым некалькі месяцаў таму.
Карбалевіч: Сам выбар месца будаўніцтва АЭС (паўночны захад Беларусі) прадугледжвае, што электрычнасьць будзе прадавацца за мяжу. Але менавіта з гледзішча выкарыстаньня электрычнасьці са станцыі месца не самае ўдалае. Паўночны захад Беларусі — ня самы прамысловы рэгіён краіны. Прамысловасьць у Беларусі сканцэнтраваная ў цэнтры і на усходзе краіны. Гэта Менская, Магілёўская, Віцебская і Гомельская вобласьці. А Гарадзенская вобласьць — сельскагаспадарчая.
Таксама у краінах Балтыі прамысловасьці мала. Усходняя частка Польшчы, якая прымыкае да Беларусі — таксама не самы прамысловы раён гэтай краіны. А менавіта прамысловасьць найбольш спажывае электрычнасьць.
На пазыцыю Польшчы адносна імпарту беларускай электраэнэргіі ўплываюць некалькі чыньнікаў. Найперш, наколькі беларускай электрычнасьць будзе выгоднай для палякаў па цане. Пакуль, выглядае, не надта.
Калі Вільні ўдасца пралябіяваць у Брусэлі рашэньне не купляць прадукцыю Беларускай АЭС, то тэма будзе закрытая.
Другая акалічнасьць — гэта пазыцыя ЭЗ адносна пакупкі беларускай электрычнасьці. Вядомая пазыцыя Літвы. Калі Вільні ўдасца пралябіяваць у Брусэлі рашэньне не купляць прадукцыю Беларускай АЭС, то тэма будзе закрытая.
Трэці момант. Цяперашняе кіраўніцтва Польшчы ставіцца да Расеі больш нэгатыўна, чым папярэдні ўрад. Варшава прыкладае намаганьні, каб зьменшыць залежнасьць ад расейскіх энэргарэсурсаў. А Беларускую АЭС будуе расейская кампанія, за расейскія грошы. І гэты чыньнік можа стаць важным пры прыняцьці рашэньня аб імпарце беларускай электрычнасьці.
Увогуле сама сытуацыя, калі беларускія ўлады ліхаманкава шукаць выйсьце, куды дзець электраэнэргію з АЭС, вельмі паказальная. Яны загналі сябе ў пастку гэтым рашэньнем аб будаўніцтве АЭС.