Анісім знаёміцца з кіраўнікамі «вэртыкалі» ў сваёй акрузе

Незалежная дэпутатка Алена Анісім (справа) з памочніцай у Палаце прадстаўнікоў

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня Алена Анісім упершыню пасьля выбараў знаходзіцца ў сваёй акрузе. Вось што яна паведаміла Свабодзе:

«Я тут ужо другі дзень. Акруга немалая — ахоплівае Стаўпецкі і Нясьвіскі раёны. Учора сустракалася з кіраўніцтвам выканаўчага камітэту ў Стоўпцах, сёньня такая ж сустрэча ў Нясьвіжы. Дамовіліся, што я зраблю два прыёмы грамадзян: 28 кастрычніка са Стаўпецкага, 2 лістапада — зь Нясьвіскага раёнаў. Ужо зьезьдзіла на адзін вытворчы аб’ект, пра які паступіў запыт. Тут трэба разьбірацца, і я гэта буду рабіць. Адным словам, прыглядаюся, вучуся, бо для мяне ўсё гэта новае.

Цікавай атрымалася размова зь Юрыем Горлавым — старшынём Стаўпецкага райвыканкаму. Мы прагаварылі болей за гадзіну. Я абазначыла кола праблемаў, зь якім пачынала сваю кампанію кандыдата ў дэпутаты. Дадала да гэтага пажаданьні мясцовых жыхароў. Вынікі сустрэчы я абазначу так: дыялёг пачаўся. Раней нас пазнаёмілі, але тады мы трымаліся адно ад аднаго на адлегласьці. Цяпер жа я ўпершыню вяла размову зь мясцовым кіраўніком у сваім новым статусе.

Гутарыла і зь некаторымі іншымі людзьмі. Прыемна, што яны падыходзілі самі, казалі, што пазналі, рады мяне бачыць. Думаю, супрацоўнічаць мы будзем. Я настроеная часта бываць у акрузе, слухаць выбарнікаў, дапамагаць ім».

Алена Анісім

Алена пакуль яшчэ ня вызначылася са сваімі памочнікамі:

«Гэтая справа ў працэсе. Як дэпут я магу мець аднаго альбо двух штатных памочнікаў. Думаю, што будзе адзін. Агульная стаўка там не дацягвае да пяці мільёнаў рублёў на старыя. Браць двух на гэтыя грошы не выпадае. Таму няхай працуе адзін, але зь юрыдычнай адукацыяй, дасьведчаны чалавек. Думаю, што вызначуся зь ім і пазаштатнымі памочнікамі не пазьней як на пачатку наступнага тыдня».

Пра свае найбліжэйшыя пляны спадарыня Анісім расказвае:

Альбо ты знаходзіш справу, альбо яна цябе. Галоўнае — не ўхіляцца.

«У нашай камісіі адукацыі, навукі і культуры цяпер знаходзяцца дакумэнты для ратыфікацыі. А зьмены ў Кодэкс аб адукацыі ў камісію пакуль не паступілі. Але я хачу, каб наша камісія разгледзела пытаньне аб адкрыцьці музэя Алеся Адамовіча. Там сытуацыя такая, што частку сродкаў на гэта сабралі, пасьля спыніліся. Хачу пад’ехаць на круглы стол па гэтай праблеме, удакладніць дэталі, а пасьля абмеркаваць сытуацыю з калегамі ў камісіі.

Я лічу так: альбо ты знаходзіш справу, альбо яна цябе. Галоўнае — не ўхіляцца».