Амэрыканская кампанія Google апублікавала «справаздачу празрыстасьці» за першае паўгодзьдзе 2016 году. Упершыню карпарацыя паведаміла аб запыце зьвестак, які паступіў з Беларусі.
Запыт зь Беларусі быў пра пяць адрасоў, якія маглі тычыцца якога-хаця прадукту кампаніі. «Мы разглядаем кожны запыт, каб упэўніцца, што ён адпавядае як духу, гэтак і літары закону, і мы можам адмовіцца даць інфармацыю ці паспрабаваць звузіць запыт у некаторых выпадках», — гаворыцца ў справаздачы.
Запыт на атрыманьне інфармацыі пра карыстальніка паступіў ад урадавай установы. Як вынікае з публікацыі, раней такіх запытаў зь Беларусі не было — прынамсі за той пэрыяд, калі рабіліся справаздачы, пачынаючы зь сярэдзіны 2009 году.
Тым ня меней, раней Google аднойчы атрымаў запыт ад беларускіх спэцслужбаў — але не аб выдачы зьвестак пра карыстальніка, а аб выдаленьні інфармацыі з пошуку адносна файла Google Docs (анлайн-сховішча дакумэнтаў карыстальніка).
Іншыя замежныя IT-кампаніі ўжо атрымлівалі запыты ад беларускіх спэцслужбаў, у ліку такіх Facebook, які ня выдаў ніякіх зьвестак; а таксама Microsoft і Apple, якія пайшлі на частковую супрацу, не раскрыўшы ўсіх зьвестак карыстальнікаў. Беларускі партал Tut.by прынамсі аднойчы выдаў МУС пароль і іншыя зьвесткі карыстальніка.