Бясплатнае кіно па-беларуску: не хапіла 500 квіткоў

У гэтыя выходныя аб’яднаньне «Кінаконг» і кінатэатар «Перамога» распачалі сэрыю кінапаказаў у беларускай агучцы.

Першым фільмам, што паказалі ў межах гэтай ініцыятывы, якая называецца «Беларускія ўікэнды», стала гістарычная стужка «Цудоўна Ласка» (у арыгінале Amazing Grace).

Як паведаміў Свабодзе кіраўнік аб’яднаньня «Кінаконг» Андрэй, попыт на бясплатныя паказы значна перавысіў прапанову (а фактычна — колькасьць месцаў у кіназалі).

«У залі кінатэатра „Перамога“ каля 500 месцаў. Мы правялі два бясплатныя паказы фільму „Цудоўна ласка“ — у суботу і ў нядзелю. Квіткі можна было замовіць у інтэрнэце, а таксама атрымаць перад паказам. Так атрымалася, што за 40 хвілін да паказу квіткоў ужо не было — усё разьбіралі. Людзей, якія хацелі трапіць на паказ, было сама меней у два разы больш, чым месцаў у кіназалі. У выніку ствараўся вялікі ажыятаж, квіткоў не хапіла, некаторыя нават з агрэсіяй паставіліся да гэтага. Насамрэч яны не чакалі, што попыт настолькі перавысіць прапанову», — адзначыў Андрэй.

Ён сказаў, што засмучаны тым, што ня ўсе ахвотныя змаглі трапіць на паказ, але ўсьцешаны, што ініцыятыва «Беларускія ўікэнды» аказалася настолькі запатрабаваная. Паводле Андрэя, тыя, хто ўсё ж трапіў у кінатэатар, цяпер пакідаюць у інтэрнэце добрыя водгукі, сьведчачы, што людзей цікавяць беларускія паказы.

Сябры аб’яднаньня «Кінаконг» лічаць, што такі ажыятаж не зьвязаны з ахвотай да «халявы», а хутчэй з жаданьнем паглядзець фільм зь якаснай беларускамоўнай агучкай.

«Вялікая колькасьць наведнікаў — гэта беларускамоўныя людзі. Таму гэта ня прага „халявы“. Супрацоўнікі кінатэатра „Перамога“, у якім рэгулярна праводзяцца бясплатныя паказы ў межах розных фэстываляў, сказалі, што на „Цудоўна Ласка“ не было сталай аўдыторыі, якая ходзіць на бясплатныя сэансы. Таксама для бясплатных паказаў характэрна, што частка людзей сыходзіць, калі фільм не чапляе. Маўляў, калі бясплатна, то няма сэнсу глядзець да канца, калі не падабаецца. У нас не сышоў ніводзін чалавек, поўная заля ад пачатку да канца была. Больш за тое, падчас прагляду некалькі разоў гучалі аплядысмэнты».

31 кастрычніка з нагоды Дня Рэфармацыі ў «Перамозе» пакажуць гістарычную драму «Лютэр» (Luther). Кіно раскажа гісторыю хрысьціянскага багаслова, ініцыятара Рэфармацыі Марціна Лютэра, які 500 гадоў таму зьмяніў увесь сьвет. Ён таксама будзе бясплатным.

Дзіцячы фільм «Падынгтан» (Paddington​), які пакажуць 19-20 лістапада, распавядзе аб прыгодах абаяльнага мядзьведзіка ў Ангельшчыне. Квіток будзе каштаваць 1,5 рубля.