У Маскве памінаюць ахвяраў тэрарыстычнага акту на Дуброўцы

Тэатральны цэнтар на Дуброўцы. 24 кастрычніка 2002 году.

У Маскве 14 гадоў таму адбыўся адзін з самых кровапралітных тэрактаў у гісторыі Расеі — 23 кастрычніка 2002 году падчас паказу мюзіклу «Норд-Ост» тэрарысты захапілі і тры дні ўтрымлівалі каля тысячы чалавек у тэатральным цэнтры на Дуброўцы, патрабуючы вываду расейскіх войскаў з Чачэніі.

26 кастрычніка ўлады спынілі перамовы і штурмавалі будынак тэатральнага цэнтру. У залю быў пушчаны газ, склад якога дагэтуль засакрэчаны. Загінулі 130 закладнікаў, больш за 700 пацярпелі, усе тэрарысты былі забітыя.

У 2011 годзе Эўрапейскі суд правоў чалавека разгледзеў калектыўную скаргу пацярпелых у тэракце і прызнаў, што расейскія ўлады парушылі права на жыццё і на справядлівае судовае разьбіраньне. Суд абавязаў Расею выплаціць грашовыя кампэнсацыі сем’ям ахвяраў тэракту і расьсьледаваць абставіны выратавальнай апэрацыі, якая прывяла да гібелі 130 чалавек. Аднак Сьледчы камітэт Расеі адмовіўся заводзіць крымінальныя справы супраць адказных за штурм тэатральнага цэнтру.

Былыя закладнікі і сваякі тых, хто загінуў пры штурме, перакананыя, што адказнасць за шматлікія ахвяры ляжыць ня толькі на тэрарыстах, але і на расейскіх уладах. Яны патрабуюць назваць газ, які ўжываўся пры штурме, а таксама чалавека, які аддаў спэцназу загад для пачатку атакі.

На 26 кастрычніка каля тэатральнага цэнтру на Дуброўцы заплянаваная акцыя памяці.