«Белавія» настойвае, што самалёт прымусілі вярнуцца ў Кіеў пад пагрозай зьнішчальнікаў. СБУ адмаўляе


Камандзір экіпажу «Боінг 737-800» (бартавы нумар EW-456PA) Віктар Шышла пацьвердзіў у эфіры «Беларусь-1», што самалёт авіякампаніі «Белавія» вярнулі ў кіеўскі міжнародны аэрапорт Жуляны пад пагрозай зьнішчальнікаў.

«Мы размаўлялі з дыспэтчарам у сэктары Кіева на расейскай мове, і ён нам паведаміў, што мы абавязаны вярнуцца ў Жуляны. Прычынаў ён не назваў, а сказаў, што паведаміць пра гэта на зямлі. І калі не будзе выканана каманда на вяртаньне, то будуць паднятыя зьнішчальнікі, — цытуе словы Шышла БелТА. — і мы на падставе ўсіх дакумэнтаў, кіруючых як міжнароднай авіяцыяй, так і нашай авіякампаніяй, павінны выконваць каманды дыспэтчара. У дадзеным выпадку мы развярнуліся самым кароткім шляхам вярнуліся ў Жуляны. Тут на першым месцы ў нас бясьпека палётаў і яна была выкананая на сто працэнтаў».

Намесьнік генэральнага дырэктара беларускай авіякампаніі «Белавія» Ігар Чаргінец заявіў, што пагроза ўкраінскіх авіядыспэтчараў падняць у паветра зьнішчальнікі, калі беларускі самалёт ня вернецца ў Кіеў, маецца на запісах бартавых самапісцаў і авіякампанія мае намер іх расшыфраваць.

«Я ўпэўнены ў тым, што ўсё было дакладна так, як напісалі ў рапартах камандзір і другі пілёт, — адзначыў Чаргінец у інтэрвію TUT.by. — Дарэчы, сёньня раніцай была заява „Украэроруха“ — яны не казалі, што наша паведамленьне, скажам, не адпавядае рэчаіснасьці, наадварот, яны пацьвердзілі, што падзея была. Зараз СБУ ў чымсьці сумняецца... Але з нашым пілётам вёў перамовы менавіта дыспэтчар, а не СБУ».

Чаргінец распавёў, што калі самалёт разварочвалі авіякампанія ня ведала, што справа ў пасажыру.

«У тым і справа. Калі мы вярнуліся назад у „Жуляны“, нам спачатку сказалі чакаць паўгадзіны, а потым да самалёта падʼехала нейкая добрая іншамарка з людзьмі без апазнавальных знакаў. Яны падняліся і сказалі, што ім патрэбны спадар Мартырасьян».

Самалёт вярнулі ў Кіеў празь вядомага блогера і «антымайданаўца» Армэна Мартырасьяна. Сам Мартырасьян вечарам таго ж дня пасьля праверкі супрацоўнікамі СБУ (паводле слоў блогера, у яго шукалі нейкі назапашвальнік інфармацыі) вылецеў іншым рэйсам «Белавія» у Менск. Цяпер ён знаходзіцца ў Маскве і абяцае зьвярнуцца з нагоды гэтага інцыдэнту ў суд.

«Буду падаваць пазоў у суд для аспрэчваньня супрацьпраўных дзеяньняў у дачыненьні да мяне з боку ўкраінскіх уладаў. Прайдуся па вэртыкалі ўкраінскіх і эўрапейскіх судоў», — напісаў ён у Фэйсбуку.

Учора начальнік апарату кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны Аляксандар Ткачук у эфіры тэлеканала «112 Украіна» зьняпраўдзіў інфармацыю пра тое, што пілёту пагражалі падняць зьнішчальнікі

«Я думаю, што крыху абсурдна лічыць, што нашы вайсковыя лятучыя апараты могуць быць ужытыя супраць цывільнага борту», — сказаў прадстаўнік СБУ.

Прэс-сакратар СБУ Алена Гітлянская на сваёй старонцы ў Facebook СБУ атрымала інфармацыю аб замежным грамадзяніне на борце самалёта «Белавія» і магчымай пагрозе нацыянальнай бясьпекі дзяржавы.

«Пасьля праверачных мерапрыемстваў мы пераканаліся, што пагроза нацыянальнай бясьпекі лякалізаваная. СБУ дзейнічала і будзе дзейнічаць у рамках кампэтэнцыі для забесьпячэньня бясьпекі краіны і яе грамадзян.


Ад сябе асабіста. Няўжо можна сурʼёзна ўспрымаць інфармацыю, зьнішчальнікі маглі быць узьнятыя ў неба супраць цывільнага лайнэра?», — піша яна.

22 кастрычніка ў Міністэрства замежных спраў Беларусі быў выкліканы Часовы павераны ў справах Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Валерый Джыгун. Падчас сустрэчы ў МЗС кіраўніку ўкраінскай дыпмісіі была ўручана нота, у якой беларускі бок заявіў пратэст у сувязі з прымусовым вяртаньнем самалёта авіякампаніі «Белавія».