«Самалёт ужо нейкі час знаходзіўся ў паветры. На патрабаваньне авіядыспэтчара гэты борт спакойна зрабіў адпаведныя манэўры і прызямліўся ў аэрапорце, дзе былі праведзеныя неабходныя праверачныя мерапрыемствы, каб пераканацца, што ўсякая пагроза і нацыянальным інтарэсам Украіны, і нацыянальнай бясьпецы нашае дзяржавы лякалізаваная», — сказаў Ткачук.
Паводле яго, у гэтай сытуацыі СБУ, службы аэрапорту і службы дзяржаўнага прадпрыемства абслугоўваньня паветранага руху Ўкраіны («Украэрарух») дзейнічалі ў рамках кампэтэнцыі адпаведна міжнародным правілам палётаў цывільных суднаў, паведамляе БелаПАН.
Ткачук таксама зьняпраўдзіў інфармацыю пра тое, што пілёту пагражалі падняць зьнішчальнікі. «Я думаю, што крыху абсурдна лічыць, што нашы вайсковыя лятучыя апараты могуць быць ужытыя супраць цывільнага борту», — сказаў прадстаўнік СБУ.
Паводле Ткачука, СБУ таксама не выдае інфармацыі пра асобу зьнятага з самалёту «Белавія» чалавека, у тым ліку і зьвесткі аб нацыянальнасьці або грамадзянстве — уся інфармацыя пакуль толькі для службовага карыстаньня.
А вось што паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook прэс-сакратар СБУ Алена Гітлянская.
«Адносна сытуацыі па вяртаньню самалёта авіякампаніі „Белавія“ у аэрапорт „Кіеў“ 21 кастрычніка 2016 СБУ атрымала інфармацыю аб замежным грамадзяніне і магчымай пагрозе нацыянальнай бясьпекі дзяржавы. На момант атрыманьня інфармацыі іншаземец ужо знаходзіўся на борце авіякампаніі „Белавія“, які рыхтаваўся выканаць рэйс у Менск. Мы неадкладна праінфармавалі пра гэта ГП „Украэрарух“. Да таго часу, калі дыспэтчар зьвязаўся з пілётам, самалёт ужо некалькі хвілінаў знаходзіўся ў паветры. Пасьля праверачных мерапрыемстваў мы пераканаліся, што пагроза нацыянальнай бясьпекі лякалізаваная», — паведаміла Гітлянская.
21 кастрычніка «Боінг 737-800» (бартавы нумар EW-456PA), які выконваў рэйс В2-840 маршрутам Кіеў–Менск, быў вымушаны вярнуцца ў аэрапорт вылету. На борце знаходзіліся 136 пасажыраў і шэсьць чальцоў экіпажу.
Ва «Украэрацэнтры» (падразьдзяленьне «Украероруху») адзначылі, што дыспэтчары дзейнічалі паводле ўказаньня супрацоўнікаў СБУ, у якіх узьніклі падазрэньні да аднаго з пасажыраў.
Авіякампанія «Белавія» у сваім паведамленьні падала, што камандзіру паветранага судна паступіла ўказаньне ад дыспэтчара неадкладна вярнуцца ў аэрапорт вылету без тлумачэньня якіх-небудзь прычынаў. Таксама было заяўлена, што ў разе невыкананьня каманды ў паветра будуць паднятыя зьнішчальнікі.
У прэсе паведамлялі, што самалёт вярнулі ў Кіеў празь вядомага блогера і «антымайданаўца» Армэна Мартырасьяна. Сам Мартырасьян вечарам таго ж дня пасьля праверкі супрацоўнікамі СБУ вылецеў іншым рэйсам «Белавія» у Менск. Цяпер ён знаходзіцца ў Маскве і абяцае расказаць падрабязнасьці падзеі пасьля кансультацыяў зь юрыстамі.
Армэн Мартырасьян зьехаў з Кіева ў Маскву ў 2014 годзе, паведамляе ўкраінскае выданне Страна.ua.
« Мяне вывелі з самалёту СБУ-шнікі, праверылі ўсе мае рэчы, шукалі нейкі назапашвальнік інфармацыі. Нічога не знайшлі, склалі акт пра тое, што ў мяне нічога недазволенага не знойдзена, адпусьцілі. На наступным рэйсе я паляцеў, — распавёў Мартырасьян ў размове з журналістам TUT.BY.
«Страна.ua» адзначае, што Армэн Мартырасьян — вядомы блогер, журналіст, актывіст «Антымайдана» і калумніст. Аўтар расейскага выданьня «Украина.ru» (уваходзіць у агенцтва «Россия Сегодня», якое ўзначальвае Дзьмітрый Кісялёў).
«Белавія» заяўляе, што мае намер патрабаваць з «Украэраруху» кампэнсацыі выдаткаў, зьвязаных з вяртаньнем самалёта.
У сувязі з інцыдэнтам з самалётам «Белавія» Міністэрства замежных справаў Беларусі 22 кастрычніка ўручыла ноту пратэсту часоваму паверанаму ў справах Украіны ў Рэспубліцы Беларусі Валерыю Джыгуну. Як падкрэсьлена ў ноце МЗС, беларускі бок чакае афіцыйных прабачэньняў і патрабуе кампэнсацыі ўсіх фінансавых расходаў і выдаткаў, выкліканых дзеяньнямі ўкраінскага боку.
Міністэрства замежных справаў таксама даручыла паслу Беларусі ва Ўкраіне Ігару Сокалу ўручыць аналягічную ноту пратэсту ва ўкраінскі МЗС.