Экіпажу было заяўлена, што ў выпадку невыкананьня каманды ў паветра будуць паднятыя зьнішчальнікі. Пра гэта паведамляе прэс-служба авіякампаніі, якую цытуе партал TUT.BY.
Камандзір паветранага судна выканаў указаньне дыспэтчараў. З борта паветранага судна праваахоўнымі органамі Украіны быў зьняты адзін пасажыр, грамадзянін Армэніі. Пасьля дазапраўкі рэйс В2-840 вылецеў у Менск і пасьпяхова прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце «Менск». Беларускі авіяперавозчык адзначае, што праваахоўныя органы Ўкраіны адпусьцілі зьнятага з рэйсу пасажыра — пазьней ён вылецеў у Менск рэйсам B2-830 авіякампаніі «Белавія».
Як паведамляе выданьне Сегодня.ua са спасылкай на аднаго з пасажыраў затрыманага рэйсу, з самалёта зьнялі мужчыну па прозьвішчы Марцірасян. «Нам абвясьцілі, што ён — супрацоўнік СБУ і падазраецца ў злачынствах», — распавёў ён.
Авіякампанія «Белавія» мае намер патрабаваць кампэнсацыі выдаткаў, зьвязаных з вяртаньнем самалёта ў міжнародны аэрапорт «Жуляны».