Міністар працы і сацыяльнай абароны Расеі Максім Тапілін прапанаваў зьбіраць зь непрацуючых працаздольных грамадзян па 20 тысяч рублёў у год. Пра гэта ён паведаміў у інтэрвію агенцтву РІА «Навіны».
Тапілін зьвязаў гэтую лічбу з падаходным падаткам, які штогод плаціць грамадзянін, які працуе з мінімальнай зарплатай, а таксама выдаткамі субʼектаў Фэдэрацыі на абавязковае мэдычнае страхаваньне беспрацоўных.
Пры гэтым расейскі міністар падкрэсьліў, што законапраекта аб так званым «падатку на дармаедзтва» пакуль не існуе.
Вясной у Дзярждуму РФ быў унесены законапраект, які дазваляе выключыць беспрацоўных з сыстэмы абавязковага мэдычнага страхаваньня. Пазьней старшыня Рады Фэдэрацыі Валянціна Мацьвіенка прапанавала скараціць мэдычную дапамогу непрацуючым грамадзянам, якія ня плоцяць падаткі.