Пры пасадцы модуля Schiaparelli на Марс адбыўся збой

Модуль Schiaparelli перастаў падаваць сыгнал за 50 сэкунд да пасадкі на Марс. У Эўрапейскім касьмічным агенцтве на прэс-канфэрэнцыі ў чацьвер заявілі, што пры пасадцы апарата адбыўся збой.

Модуль увайшоў у атмасфэру і раскрыў парашут. Далейшы лёс Schiaparelli застаецца невядомым. Навукоўцы спрабуюць высьветліць, ці пацярпеў апарат пры сутыкненьні з паверхняй Марса.

Пасадачны модуль Schiaparelli прызначаны для вывучэньня Марса ў рамках сумеснага праекту Эўрапейскага касьмічнага агенцтва і Раскосмасу. У сераду апарат павінен быў сесьці на плята Мэрыдыяна і прааналізаваць склад атмасфэры плянэты.

Ажыцьцяўленьне другога этапу місіі, у рамках якога плянуецца адпраўка першага эўрапейскага марсахода, заплянавана на 2020 год. Ці паўплывае магчымая няўдача Schiaparelli на пляны Эўрапейскага касьмічнага агенцтва па вывучэньні Марса — пакуль невядома.