Выбраць па-сапраўднаму добры касмэтычны прадукт па догляду за скурай — нялёгкая задача. У мінулым выпуску я распавяла, якіх інгрэдыентаў у крэмах для твару варта пазьбягаць. У гэтым пагаворым пра тое, якія складнікі прыносяць карысьць.
Алантаін
Алантаін — гэта назва зьмякчальнага рэчыва расьліннага паходжаньня, яно здабываецца з жывакосту.
Алоэ вэра
Гэта расьліна вядомая сваімі моцнымі зьмякчальнымі ўласцівасцямі.
Альфа-гідраксікіслоты (АНА)
АНА — натуральныя фруктовыя кіслоты, якія паскараюць адшалушваньне адмерлых клетак і фармаваньне новых. Да АНА адносяцца гліколівая, яблычная, вінная, малочная кіслоты. АНА павялічваюць адчувальнасьць скуры да ўльтрафіялету, так што калі ў вашым крэме ёсьць гэты інгрэдыент, абавязкова ўжывайце сонцаахоўны фільтар перад выхадам на вуліцу.
Эфір вітаміну C (Vitamin C ester)
У адрозьненьне ад водараспушчальнай аскарбінавай кіслаты, эфір вітаміну С — тлушчараспушчальны, і таму лічыцца, што ён мае больш вялікі патэнцыял у якасьці антыўзроставага прэпарату. Ён мае больш вялікую антыаксыдантную актыўнасьць у нашых клетках, чым аскарбінавая кіслата. Эфір вітаміну С стымулюе рост клетак (фібраблястаў), якія дапамагаюць выпрацоўваць каляген і элястын, якія, у сваю чаргу, надаюць скуры трываласьць і гнуткасьць.
Каэнзім Q-10 (CoQ10)
CoQ10 — натуральны барацьбіт з праявамі старэньня скуры. Клеткі нашай скуры ўтрымліваюць натуральны CoQ10, але, калі мы старэем, іх колькасьць рэзка памяншаецца. Прадукты па догляду за скурай, якія ўтрымліваюць CoQ10, запавольваюць бачнае старэньне скуры.
Незаменныя тлустыя кіслоты
Незаменныя тлустыя кіслоты (у тым ліку лінолевая, ліналенавая і арахідоновая кіслоты) зьмякчаюць сухую скуру, прадухіляюць абязводжваньне, абараняюць ад аксыдантнага стрэсy.
Пантэнол
Пантэнол таксама вядомы як правітамін B5. Гэты элемэнт затрымлівае вільгаць і зьмяншае раздражненьне скуры.
Натуральны алей,
напрыклад: Жажабá — вельмі пажыўны, багаты тлустымі кіслотамі і вітамінам Е алей. Дапамагае скуры, якая лупіцца, і спрыяе гаеньню ран. Абрыкосавы алей хутка і лёгка ўсмоктваецца ў скуру і не закаркоўвае поры, што робіць яго ідэальным інгрэдыентам для асоб, якія пакутуюць ад тлустай скуры, разацэі або акне. Алей чайнага дрэва (Melaleuca Alternifolia) выкарыстоўваецца на працягу стагодзьдзяў у Аўстраліі для барацьбы з высыпаньнямі, пачырваненьнем і запаленьнямі скуры. У той час як многія людзі дрэнна рэагуюць на тыповыя хімікаты для лячэньня акнэ, алей чайнага дрэва, як правіла, добра пераносіцца і рэдка выклікае пабочныя эфэкты. Алей чайнага дрэва добра зарэкамэндаваў сябе ў якасьці натуральнага супрацьзапаленчага, антыбактэрыйнага, супрацьгрыбковага і супрацьмікробнага сродку. Яго ўнівэрсальнасьць робіць яго адным з самых папулярных эфірных алеяў. Какосавы алей валодае ўнікальнымі супрацьзапаленчымі ўласьцівасьцямі (дарэчы, як пры ўнутраным, так і пры вонкавым ўжываньні), і такім чынам станоўча адбіваецца на здароўі скуры. Какосавы алей — унікальная крыніца кіслот, якія маюць антымікробныя і антыгрыбковыя ўласьцівасьці і дапамагаюць у ліквідацыі шкодных грыбоў, у тым ліку Кандыда Альбіканіс. Ня блытаць з пальмавым алеем.
Хатняя касмэтычка
Акрамя вонкавага догляду за скурай, вельмі важна і тое, што мы ямо, чым дыхаем, ці шмат у нас стрэсу ў жыцьці, ці добра мы сьпім і гэтак далей. Усё адбіваецца на твары ў прамым сэнсе гэтага слова.
Майце на ўвазе, што прыблізна 80% зьнешняга старэньня скуры тлумачыцца ўльтрафіялетавым апраменьваньнем. Іншыя зьнешнія фактары ўключаюць узьдзеяньне тытунёвага дыму, наяўнасьць шкодных часьціц у паветры, інфрачырвонае выпраменьваньне і недаяданьне. Падрабязна пра шкоду ўльтрафіялету чытайце тут.
Вось некаторыя хатнія хітрасьці:
Каб звузіць поры, утрыце пюрэ са сьвежага памідору ў твар і змыйце цёплай вадой. Для зьмякчэньня скуры разамнеце палову авакада і нанясіце гэтую кашу на твар. Пачакайце, пакуль натуральная маска высахне і змыйце цёплай вадой. Авакада ўтрымлівае тлустыя кіслоты і іншыя пажыўныя рэчывы, якія натуральным чынам прадухіляюць заўчасныя маршчыны. Каб пазбавіцца ад паверхневых арагавелых клетак, вазьміце жмэньку рысу і асьцярожна паскрабіце зярняткамі твар. Жанчыны Японіі ўжываюць гэты натуральны скраб стагоддзямі. Для глыбокага ўвільгатненьня разамніце жмэньку вінаграду (натуральная крыніца альфа-гідраксікіслот) з мёдам да атрыманьня пасты. Нанясіце гэтую пасту на твар як мінімум на 20 хвілін. Змыйце цёплай вадой.
Ну а ці ёсьць такія прадукты, якія знутры спрыяюць здароўю скуры? Так, адназначна! У адным зь мінулых выпускаў я пра такія прадукты прыгажосьці распавяла.
Ну і апошняе: ад крэмаў мала толку, калі вы мала п’яце вады. Сачыце за тым, каб за дзень вы выпівалі мінімум паўтара літры вадкасьці.