Людзі, якія назьбіралі 10000 подпісаў за ўшанаваньне нацыянальнага сьцяга Беларусі

Адзін з арганізатараў збору подпісаў Зьміцер Дашкевіч у апошні дзень зладзіў пікет у пераходзе непадалёк ад чыгуначнага вакзалу.

Збор подпісаў у пераходзе каля плошчы Якуба Коласа.

Адзін са зборшчыкаў подпісаў малады хлопец Канстанцін. Да пікету ён вырашыў далучыцца на наступны дзень пасьля таго, як паставіў свой подпіс на блянку. На пікет ён прыйшоў пасьля працы і за некалькі гадзін пасьпеў сабраць каля трыццаці подпісаў. «Мы павінны разумець, што цяперашні дзяржаўны сьцяг прадстаўляе ня лепшы пэрыяд нашай гісторыі. А нацыянальны беларускі сьцяг дагэтуль ня мае ніякага статусу».

Пікет у пераходзе на станцыі мэтро Малінаўка

Тут зьбірае подпісы студэнт аднаго зь менскіх ВНУ Арцём. За няпоўныя два дні на гэтым месцы ў яго атрымалася сабраць больш за 200 подпісаў. «Большасьць людзей ставіцца нэўтральна. Але бываюць і пагрозы, і падзякі. Быў нават выпадак, калі паставіў подпіс міліцыянт у цывільным».

Збор подпісаў на станцыі мэтро Інстытут Культуры

Сябра Маладога фронту Сяргей Пальчэўскі зьбірае подпісы ад пачатку кампаніі. На сёньняшні дзень на ягоным ліку больш за 1600 штук. «Калі мы нічога не даб'емся нашай ініцыятывай, то хаця б распавядзём ды пакажам людзям, што выходзіць на вуліцы зь бел-чырвона-белым сьцягам і не баяцца – гэта нармальна. Варта спрабаваць».

Натальля Качаноўская, якая прынесла на пікет на станцыі мэтро Кастрычніцкая блянкі з подпісамі, зьбірала іх у сваім доме ды на вуліцах. «За савецкім часам я нават і ня ведала, пра бел-чырвона-белы сьцяг. Калі пабачыла яго ўпершыню, ён мне вельмі спадабаўся».