Старшыня Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзь Фядыніч зьвярнуўся з адкрытым лістом да міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова.
У дакумэнце кіраўнік прафсаюзу РЭП патрабуе даць прававую ацэнку службовым асобам сыстэмы адукацыі, якія выкарыстоўваюць працу дзяцей, і спыніць практыку ўдзелу школьнікаў у сельгасработах. Таксама Фядыніч патрабуе даць прафсаюзу інфармацыю аб службовых асобах, якія выкарыстоўвалі ў 2016 годзе працу дзяцей, а таксама аддалі ўказаньне на прыцягненьне да працы вучняў сярэдняй школы № 11 у Маладзечна ў цэлым і вучаніцы 8-й клясы гэтай школы Вікторыі Папчэні, якая загінула 29 верасьня падчас сельгасработ.
Начальнік Маладзечанскага аддзелу дзяржаўнай інспэкцыі працы ўжо заявіў пра парушэньні з боку тых, хто адправіў 13-гадовую школьніцу на ўборку бульбы. Паводле інфармацыі, якую атрымаў прафсаюз РЭП ад бацькоў загінулай дзяўчынкі, сваёй згоды на яе ўдзел у так званай «грамадзка-карыснай працы» бацькі не давалі, што дазваляе сьцьвярджаць аб выкарыстаньні прымусовай дзіцячай працы зь перарываньнем навучальнага працэсу.
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца, прававы інсьпектар прафсаюза РЭП Леанід Судаленка, таксама на сайце zvarot.by цяпер зьбіраюцца подпісы за тое, каб спыніць практыку, якая доўжыцца з часоў СССР, калі беларускіх школьнікаў замест вучобы прымусова вывозяць на сельгасработы.