Амбасада Расеі ў Чэхіі патрабуе вяртаньня на радзіму арыштаванага ў Празе расейца, падазраванага ў ЗША ў кібератаках. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс».
Арыштаванага расейца, імя якога не называецца, вышукваў Інтэрпол. Ён быў затрыманы паліцыяй Чэхіі пры садзейнічаньні супрацоўнікаў Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў(ФБР) ЗША.
У пачатку кастрычніка ўрад ЗША абвінаваціла Расею ў датычнасьці да хакерскіх нападаў на Дэмакратычную партыю краіны. У Вашынгтоне растлумачылі, што гаворка ідзе пра публікацыі на сайтах DCLeaks і WikiLeaks электроннай перапіскі амэрыканскіх палітыкаў.
Масква абвяргае абвінавачваньні. Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў назваў іх «глупствам».