PJ Harvey: Назіральніца ростам 15 мэтраў

PJ Harvey. Фота Марыі Мохнач з афіцыйнага сайту сьпявачкі.

Брытанскае выданьне The Guardian у адной зь дзьвюх сёлетніх рэцэнзій параўнала апошні альбом сваёй суайчыньніцы PJ Harvey «The Hope Six Demolition Project» з кнігамі леташняй нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч. Маўляў, як Алексіевіч запісвае досьвед «звычайных людзей», гэтак і новы дыск Полі Джын «найлепей разумець як падобны тып рэпартажу, зробленага з дапамогай гітары, саксафона і госпэл-хору».

Перад запісам альбому сьпявачка разам з фатографам Шымусам Мэрфі падарожнічала ў Аўганістан, Косава і сталіцу ЗША, Вашынгтон, а сам запіс у Лёндане ішоў фактычна на вачах у публікі — у адмысловай студыі, куды гледачы маглі зазірнуць праз празрыстую сьцяну.

У цяперашнім канцэртным туры на сцэне адбываецца адладжаны спэктакль з новых песень, куды некалькі старых хітоў упісаныя хутчэй як неабавязковы кантрапункт. Выключэньне робіцца хіба што для загалоўнай песьні зь яе трэцяга студыйнага альбому «To Bring You My Love», які некалі стаў для PJ Harvey «прарыўным» у сэнсе шырокай папулярнасьці.

У пачатку 90-х PJ Harvey была галоўнай гераіняй гітарнага року, і ў той час параўнаньне яе творчай тэхнікі з мэтадамі Алексіевіч выглядала б дзікім. Тады не было сумневу, што сьпевы харызматычнай брытанкі ідуць ад першай асобы, пра што б там не вялося. Але і цяпер гэтае параўнаньне выглядае як даніна літаратурнай модзе.

Сапраўды заўважна, як на апошніх альбомах фокус яе тэкстаў перамясьціўся навонкі. І таксама можна сказаць, што цяпер PJ Harvey глядзіць на сьвет хутчэй вачыма фатографа, чым мастака-імпрэсіяніста. Толькі калі ўжо карыстацца літаратурнымі аналёгіямі, дык гэта не рэпартаж-хор у стылі Алексіевіч, дзе ўласны голас складаецца з мноства чужых, а сухія апісаньні назіральніцы і адначасова стваральніцы навакольля ў стылі Ўільяма Гібсана, хоць і бяз гібсанаўскай амаль фэтышысцкай дэталізацыі. Як у песьні «Ministry of Defence», напісанай пасьля паездкі ў Кабул.

Гэта Міністэрства парэшткаў
Бляшанкі ад газіроўкі і часопісы

Бітае шкло, белая сківіца
Шпрыцы, лёзы, плястмасавая лыжка

Чалавечыя валасы, кухонны нож
І здань дзяўчынкі, якая бяжыць і хаваецца,
Надрапаная на сьцяне шарыкавай асадкай
Вось як скончыцца сьвет.

Але рок-песьні, нават з паэтычнымі тэкстамі, гэта не зусім літаратура, як бы мы ні ўхвалялі наступны за Алексіевіч выбар Нобэлеўскага камітэту. Прынамсі на сцэне рок-аўтарка ня можа зьнікнуць у цені створанага ёй сьвету. І хоць PJ Harvey гэта цяпер хавае, яна па-ранейшаму ростам 15 мэтраў. Ці 50 футаў — як каму больш звыкла.