У Крыме зьбіраюць грошы на помнік прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну. З такой ініцыятывай выступіў кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Кангрэс рускіх абшчын Крыму», дэпутат падкантрольнага Расеі крымскага парлямэнту Сяргей Шувайнікаў. Ён разьлічвае, што на працягу наступнага году атрымаецца сабраць 10 мільёнаў рублёў.
Будучы помнік Пуціну стане трэцім паводле кошту сярод манумэнтаў, створаных у Крыме пасьля анэксіі яго Расеяй. Самым дарагім стаў помнік Кацярыне II, усталяваны ў Сімфэропалі ў жніўні. Ён разам з добраўпарадкаваньнем прылеглай тэрыторыі абышоўся ў 45 мільёнаў рублёў.
На другі месцы — помнік «народнага апалчэньня Крыму», у які, паводле ўладаў Сімфэропалю, уклалі 17 мільёнаў рублёў.
Будучы бронзавы манумэнт Пуціну плянуюць узьвесьці у Сімфэропалі да наступных выбараў прэзыдэнта Расеі, заплянаваных на 2018 год. Ідэя яго стварэньня, паводле Сяргея Шувайнікава, належыць крымчанам — вэтэранам «рускага руху». Дэпутат спасылаецца на іх калектыўны ліст, у якім выказваецца жаданьне ўсталяваць помнік «самаму паважанаму суайчыньніку». Ён павінен будзе служыць «патрыятычнаму выхаваньню маладых крымчан».
Паводле дэпутата, помнік Пуціну будзе «сымбалем усёй Расеі». «Калі проста паставіць помнік, як, напрыклад, Леніну або іншым дзеячам, — гэта, напэўна, будзе выглядаць як палітычны прагін, падлабуньваньне або будзе няправільна ацэнена. Я прапанаваў іншы праект — зрабіць помнік-сымбаль. Гэта будзе вобраз Пуціна, вобраз расейскага капітана, які вядзе велізарную краіну Расею», — заявіў ён крымскім журналістам.
Мяркуецца, што Пуцін будзе выяўлены ў вобразе капітана за штурвалам карабля. На пастамэнце будуць выгравіраваныя яго словы, прамоўленыя на мітынгу ў Маскве пасьля «рэфэрэндуму» аб далучэньні Крыму да Расеі: «Пасьля цяжкага, доўгага, зьнясільваючага плаваньня Крым і Севастопаль вяртаюцца ў родную гавань, да родных берагоў, у порт пастаяннай прыпіскі, у Расею!»
Неадназначна ўспрынялі вестку аб стварэньні помніка Пуціну карыстальнікі сацсетак. Яны прапаноўваюць свае эскізы.