Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў
Карбалевіч: Адразу пасьля таго, як прыйшло паведамленьне пра заканчэньне беларуска-расейскай «нафтагазавай вайны» і дасягненьне пагадненьняў, мала хто зьвярнуў увагу на адну рэпліку віцэ-прэм’ера РФ Аркадзя Дварковіча. Ён адзначыў, што ёсьць пэўныя нюансы па рэжыме, аб’ёме і цане перапрацоўкі на беларускіх заводах: «На гэтую тэму будзе падрыхтавана асобнае пагадненьне паміж міністэрствамі энэргетыкі дзьвюх краін».
Тады было незразумела, што гэта азначае. Але, здаецца, добра інфармаваная расейская газэта «Коммерсант» раскрывае некаторыя нюансы таго, пра што казаў Дварковіч. Паводле інфармацыі расейскіх мэдыяў, улады РФ хочуць замацаваць у міжурадавым пагадненьні, якое рэглямэнтуе бязмытныя пастаўкі нафты з Расеі для перапрацоўкі на беларускіх НПЗ, абавязаньні Беларусі экспартаваць пэўныя аб’ёмы нафтапрадуктаў праз расейскія порты. Сёньня больш за 90% экспарту нафтапрадуктаў з Беларусі ідзе ў напрамку краінаў Балтыі (перш за ўсё Клайпеда, Рыга, Вэнтсьпілс) і чарнаморскіх портаў Украіны.
Гэтая ідэя мае даўнюю гісторыю. У 2005 годзе пасьля вяртаньня з Расеі, дзе Лукашэнка сустракаўся з Пуціным, кіраўнік Беларусі нечакана заявіў аб будаўніцтве ў Калінінградзкай вобласьці свайго порту і арыентацыі туды беларускага экспартнага транзыту. Расейскія газэты пісалі, што гэта зроблена быццам бы ў абмен за падтрымку Масквой Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году.
Гэтую ідэю пачало актыўна рэклямаваць БТ. Хутка ў Менск прыехаў губэрнатар Калінінградзкай вобласьці Уладзімер Ягораў, які сустрэўся з Лукашэнкам, прэм’ер-міністрам, міністрам транспарту. Пачалі езьдзіць дэлегацыі адзін да аднаго, весьціся перамовы, распрацоўваліся бізнэс-пляны, быў моцны піяр у СМІ. Але з гэтага ўсяго атрымаўся вялікі і гучны пшык, пасьля выбараў усё спусьцілі на тармазах. Бо Беларусі гэта відавочна нявыгадна. Нагадаю, што ў 2013 годзе Беларуськалій купіў 30% клайпедзкага тэрміналу.
Гэта цікавы паварот у замежнай палітыцы Беларусі.
Але цяпер зьявіліся новыя абставіны. Па-першае, цяпер гаворка ідзе не пра Калініград, а пра порты Леніградзкай вобласьці: Усть-Луга, Высоцк. Па-другое, Расея, акрамя бізуна, прапануе і пернік. Расейская чыгунка прапануе беларусам скідкі ў памеры 25% і, магчыма, доступ да трубаправодных магутнасьцяў РФ. Бо транзыт па трубах значна таньнейшы, чым па чыгунцы.
Гэта цікавы паварот у замежнай палітыцы Беларусі. Бо, па-першае, можа пачацца новы раунд цяжкіх перамоваў паміж Менскам і Масквою па нафтавым пытаньні. Зазначу, што тут Расея ў аднабаковым парадку мяняе правілы гульні і міжурадавыя дамовы. Па-другое, калі Расеі удасца прымусіць Беларусь памяняць кірункі транзыту сваёй прадукцыі на расейскія порты, узьнікне напружанасьць у адносінах з Літвой і Латвіяй. Бо беларускі транзыт дае значную частку даходаў портам гэтых краінаў.
Цыганкоў: Тое, што Беларусь вывозіць свае нафтапрадукты праз порты Літвы і Латвіі, аказвала значны ўплыў на адносіны афіцыйнага Менску з гэтымі краінамі. Можна нават сказаць, што гэты эканамічны чыньнік у значнай ступені вызначае пазытыўныя моманты ў гэтых адносінах. Безь яго значна зьменшылася б прывабнасьць Беларусі ў палітычных адносінах.
Пра гэта неаднаразова пісалі палітычныя камэнтатары: што больш-менш пазытыўнае стаўленьне да афіцыйнага Менску з боку афіцыйных Вільні і Рыгі якраз было ў значнай ступені вызначанае гэтай эканамічнай залежнасьцю. Клайпеда збольшага і жыве, дзякуючы Беларусі, таму што Беларусь празь Клайпеду пастаўляе свае нафтапрадукты і ўгнаеньні на замежны рынак.
Яны перастануць быць адвакатам Менску ў эўрапейскіх структурах.
Учора мы з вамі абмяркоўвалі даволі гарачую тэму беларуска-літоўскіх адносінаў — АЭС. Калі да таго ж Беларусь пад ціскам Масквы ці па нейкіх сваіх меркаваньнях пойдзе на тое, каб перанакіраваць свае таварныя патокі з Літвы і Латвіі на Расею, то гэта будзе калясальны абрыў адносінаў з гэтымі балтыйскімі краінамі. Яны перастануць быць і адвакатам Менску ў эўрапейскіх структурах, яны страцяць эканамічную зацікаўленасьць у адносінах з Беларусьсю. Так што гэтае рашэньне на сёньня вельмі непажаданае.
Нават у сытуацыі з прызнаньнем Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі Беларусь вытрымала ціск Расеі, у сытуацыі з Крымам і Данбасам афіцыйны Менск імкнуўся захаваць сваю пазыцыю, балянсаваць. Калі афіцыйны Менск разумее ўсе мінусы, то ён не павінен пайсьці на такі крок.
Дракахруст: Я не зусім з вамі згодны. Па-першае, цяперашняя дынаміка стасункаў Беларусі з Эўразьвязам робіць ня надта пільнай патрэбу ў нейкіх суседзкіх адвакатах. Беларусь ужо наўпрост камунікуе з Варшавай, з Бэрлінам, і, пры ўсёй павазе, палітычная вага Вільні і Рыгі не такая ўжо вялікая.
З пункту гледжаньня эканомікі прэтэнзіі, калі яны і будуць прад’яўляцца, будуць не зусім абгрунтаваныя.
Акрамя таго, з пункту гледжаньня эканомікі прэтэнзіі, калі яны і будуць прад’яўляцца, будуць не зусім абгрунтаваныя. Сьвет вялікі, ні на кім ён клінам не сышоўся. Былі адны транзытныя шляхі — магчыма, іншыя сталі больш выгадныя.
Так што сказаць, што ад гэтага здарыцца для Беларусі нейкая палітычная катастрофа, нельга.
Але тым ня менш я думаю, што ў сувязі са складанай міжнароднай абстаноўкай Беларусь ня будзе класьці ўсе яйкі ў адзін кошык, а тым больш, калі гэты кошык расейскі. Вы, Валер, прыгадалі, як у 2006 годзе надзімаліся тыя бурбалкі, прыяжджалі людзі, рабіліся заявы, а ўрэшце, калі дым расьсеяўся, высьветлілася, што балтыйскі транзыт як быў, так ён і застаўся.
Прыгадаю нядаўняе інтэрвію Ўладзімера Макея газэце «Rzeczpospolita». Там карэспандэнт з іроніяй сказаў: вы яблыкаў у Расею прадаеце у шмат разоў больш, чым вы іх вырошчваеце. На што спадар Макей з тонкай усьмешкай, на блакітным воку, адказаў: ну, ведаеце, ёсьць у нас несумленныя людзі, якія ў Расею прадаюць насуперак правілам і дамоўленасьцям.
Вось, я думаю, з нафтапрадуктамі будзе абсалютна тое самае. Зараз з расейцамі пагодзяцца, паспрачаюцца, пашумяць, правядуць перамовы, але пагодзяцца, таму што пільна трэба гэтае пагадненьне. А потым зьявяцца «несумленныя людзі», якія нейкім незразумелым Менску чынам будуць прадаваць нафтапрадукты праз Клайпеду і Вэнтсьпілс.
Тым ня менш, калі расейцы дадуць нейкія паслабленьні, бонусы на транзыт празь Ленінградзкую вобласьць, то частка транзыту, безумоўна, пойдзе і туды. Але ў тое, што Беларусь зачыніць транзыт на Клайпеду і Вэнтсьпілс, я ня веру.