Пра гэта паведамілі жыхары вуліц Чэхава і Ўрыцкага, паміж якіх месьціцца гарадзкі сквэр, дзе заплянавана зьнішчыць больш за 200 дрэваў дзеля будаўніцтва новага сабора.
Паводле адной са спадарыняў, настаяцель будучага храма, сьвятар Міхаіл Мартыновіч абыходзіў бліжэйшыя дамы разам са сваімі памагатымі:
«У нашым доме 16 кватэр, і толькі ў дзьвюх людзі пагадзіліся падпісацца. Гэта было пару дзён таму, а сёньня раніцай на месца, дзе хочуць будаваць, прыяжджаў сам старшыня аблвыканкаму Мікалай Шарсьнёў. Яны тут хадзілі, глядзелі... А ўвечары мне патэлефанавала знаёмая і сказала, што нібыта сьвятары аддалі ў гарвыканкам дзьве тысячы подпісаў. Зьбіралі іх па цэрквах — каго ўпрошвалі, хто сам пагадзіўся, але людзі падпісваліся і за сябе, і за родных — або выйшла паболей!»
Абмен трывожнымі чуткамі адбываўся і тым самым сквэры, непадалёк ад помніка Ўладзімеру Караткевічу: нязгодныя з будаўніцтвам Сафійскага сабора яшчэ даўней дамовіліся, што зьбірацца тут будуць штопанядзелак.
Яшчэ адна вестка, якой прысутныя падзяліліся адно з адным — пра тое, што праход на абгароджаную будаўнічым плотам частку парка ўжо адчынены. Зьнікла брама, а разам зь ёй і прымацаваны «Пашпарт аб’екта», дзе гаварылася, што будаўніцтва Сафійскага сабору ўжо было распачата ў верасьні. Гараджане ўжо пачалі спадзявацца, што іхныя масавыя пратэсты дапамаглі спыніць будаўніцтва. Але зьвесткі пра зьбіраньне подпісаў, арганізаванае сьвятарамі, іх абурыла.
«Ну і што, што яны сабралі дзьве тысячы? Пад пэтыцыяй супраць будаўніцтва сабрана пад шэсьць тысяч, ды яшчэ мы тут зьбіралі пад лістом да Лукашэнкі, атрымалася больш за трыста. Яшчэ актывістка Тацяна Севярынец зьбірае подпісы супраць зьнішчэньня таго ж парка дзеля пэрспэктывы будаўніцтва паўночнага моста, і там ужо сабрана некалькі соцень... Навошта эпархіі было распачынаць дурную цяганіну: хто зьбярэ болей? Лепш за ўсё было б арганізаваць ды правесьці агульнагарадзкі рэфэрэндум, каб жыхары прагаласавалі! Толькі каб падлічвала незалежная камісія, а не як на выбарах!» — прапанаваў спадар сталага веку.
«Калі нас папракаюць тым, што мы змагаемся за парк, які мае непрывабны выгляд, то мы гатовыя самі правесьці „суботнік“. Няхай мы і падаткі плацім, і дворнікаў у нас зь лішкам, але няхай толькі мяцёлкі дадуць — самі прыбярэм», — дадае дзяўчына, якая стаіць побач.
Віцябляне дасюль не атрымалі адказу на свой калектыўны ліст у адміністрацыю Лукашэнкі. Няма адказу і ад мясцовых уладаў — тыя толькі правялі сход, дзе сказалі, што будаўніцтва пакуль прыпыненае, што ў гарвыканкаме і аблвыканкаме шукаюць кампраміснага вырашэньня праблемы, і што пазыцыя кіраўніцтва рэгіёну будзе выкладзена ў пісьмовым адказе.
Ідэя ўзьвесьці ў Віцебску копію полацкага Сафійскага сабору, якім ён быў у 11-м стагодзьдзі, была агучаная ў 2013 годзе. Яна належыць архіяпіскапу Віцебскаму і Аршанскаму Дзімітрыю, і той заявіў, што гэтае будаўніцтва «асабліва актуальнае ў сувязі са сьвяткаваньнем 1025-годзьдзя Хрышчэньня Русі. Спачатку дэкляравалася, што фінансаваньне аб’екту нібыта бярэ на сябе расейскі «Газпрам». Але цяпер чыноўнікі кажуць, што будаваць яго трэба «усім мірам», а гэта значыць, што справа дойдзе і да «добраахвотных суботнікаў», і да выпрошваньня грошай у прадпрымальнікаў...
Што да самога будаўніцтва, то меркаваньні віцебскіх пратэстоўцаў розныя. Адны кажуць, што ў прынцыпе ня супраць будаўніцтва, калі яно будзе адбывацца за спонсарскія грошы. Аднак няхай псэўдагістарычны помнік узводзяць дзе-небудзь у спальным мікрараёне, а не ў гістарычным цэнтры Віцебску, дзе паблізу ўжо ёсьць тры праваслаўныя храмы.
Але большая частка пратэстоўцаў пераканана, што праваслаўная царква проста імкнецца да захопу зручнай для яе тэрыторыі.
Усім пратэстоўцам разам шкада парка, які выраклі на загубу дзеля будаўніцтва сабору. Найбольш абурае людзей тая акалічнасьць, што іх нават не пазнаёмілі з апошнім варыянтам праекту, які трэба было выносіць на грамадзкае абмеркаваньне. Днямі сайт «Народныя Навіны Віцебска» надрукаваў падрабязнасьці праекту, паводле якога замест двухсот зьнішчаных дрэваў каля сабора пасадзяць усяго 9 туй. Жыхароў бліжэйшых дамоў «парадуюць» таксама паркоўкай на 35 аўто і стаянкай для аўтобусаў. А кампэнсацыйныя пасадкі за зьнішчаны парк будуць зроблены на гарадзкой ускраіне — каля могілак у мікрараёне Білева.