У Польшчы пройдзе эксгумацыя экс-прэзыдэнта Качынскага, які загінуў у авіякатастрофе

У Польшчы ў рамках новага расьсьледаваньня абставінаў авіякатастрофы пад Смаленскам эксгумуюць цела загінулага там экс-прэзыдэнта Леха Качынскага. Яго брат Яраслаў Качынскі даў згоду на гэтую працэдуру.

Яраслаў Качынскі назваў сьледзтва папярэдняга ўраду «скандалам, за які многія мусяць сядзець на лаве падсудных».

Акалічнасьці катастрофы пад Смаленскам расьсьледуе новая польская камісія. Яе экспэрты заявілі, што самалёт пачаў разбурацца ў паветры за 900 мэтраў ад месца падзеньня, а з рэгістратараў зьніклі апошнія сэкунды запісаў.

Польская пракуратура 13 верасьня заявіла аб намеры правесьці эксгумацыю парэштак тых ахвяраў катастрофы, якія не былі эксгумаваныя раней.

«У выпадку майго брата ўжо ідзе гаворка пра тэрміны. Гэта будзе адна зь першых, калі ня першая эксгумацыя», — сказаў Яраслаў Качынскі, лідэр кіруючай партыі Польшчы «Права і справядлівасьць».

Самалёт Ту-154 прэзыдэнта Польшчы Леха Качынскага ў 2010 годзе пацярпеў катастрофу пры заходзе на пасадку ў аэрапорце «Смаленск-Паўночны». Загінулі 96 чалавек. Акалічнасьці катастрофы расьсьледаваў Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт. У апублікаванай у 2011 годзе фінальнай справаздачы непасрэднай прычынай канастрофы прызнана рашэньне экіпажу не сыходзіць на запасны аэрадром, а сыстэмнымі прычынамі — недахопы ў забесьпячэньні палёту і падрыхтоўцы экіпажу.