Напярэдадні каляднага сэзону-2016 інтэрнэт-крама беларускіх тавараў imbryk.by супольна з краўдфандынгавай плятформай talaka.by запусьцілі тры праекты — выданьне кнігі пра беларускія арнамэнты, агучка камэдыі «Адзін дома — 3» і друк коміксаў пра волатаў. Усе праекты беларускамоўныя і, як разьлічваюць арганізатары, стануць добрым варыянтам каляднага падарунку для дзяцей і дарослых.
1. Кніга «Узоры роднага краю»
Як паведамляюць арганізатары праекту, гэтая кніга стане дапаможнікам для тых, хто захоча вышываць беларускія ўзоры дома, тым самым захоўваючы і аднаўляючы беларускую нацыянальную спадчыну.
Тэкст кнігі з ілюстрацыйным матэрыялам ужо падрыхтаваны. Аўтар — Антон Талашка, 25-гадовы выпускнік Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсытэту імя Сухога. Хлопец выкладае электратэхніку ў Маларыцкім сельскагаспадарчым ліцэі. Летась стаў рамесьнікам і заснаваў майстэрню Moj rodny kut.
«Арнамэнты пачаў зьбіраць для сваёй майстэрні. Цяпер у калекцыі больш за сотню арыгінальных арнамэнтаў са старажытнага беларускага адзеньня з розных рэгіёнаў краіны. Для мяне кожны крыжык на адзеньні мінулага — гэта i ёсьць Беларусь. Мы звыкла ацэньваем тканыя і вышытыя рэчы з пазыцыі прыгажосьці, асаблівасьцяў арнамэнту, гармоніі калярыту, але народная вышыўка і ткацтва — гэта яшчэ і бяздонная крыніца культурна-гістарычных зьвестак. Што ні ўзор, то абавязкова нейкі сымбаль, невядомы, зашыфраваны», — кажа Антон Талашка.
Для выданьня кнігі «Ўзоры роднага краю» трэба сабраць 5000 рублёў — для аплаты работы карэктара, рэдактара, вярстальшчыка, на друк, а таксама на рэалізацыю наступных праектаў: пошуку новых арнамэнтаў па краіне і распрацоўкі другой часткі кнігі.
Знарок для праекту майстэрня «Мой родны кут» падрыхтавала падарункі: ад сувэнірных анёлкаў з вышытым арнамэнтам ды фартухоў з торбамі — да маек, сьвітшотаў ды кашуляў з вышыўкай, а для самых шчодрых удзельнікаў краўндфандынгу падрыхтаваная ўнікальная магчымасьць атрымаць саматканую кашулю работы вядомай майстрыхі з Маларыцкага раёну Сьцепаніды Аляксееўны Сьцепанюк.
2. Стужка «Адзін дома — 3» па-беларуску
Агучыць фільм па-беларуску ўзялася ініцыятыва Futubela Crew.
У межах праекту выдадуць трэцюю частку славутай каляднай камэдыі на DVD, а таксама падтрымаюць суполку людзей, якія робяць беларускія пераклады.
Для агучваньня і выданьня фільму трэба сабраць 1000 рублёў, якія будуць выкарыстаныя на аплату выданьня DVD, на кампэнсацыю працы перакладчыкаў, дызайнэра, адміністратара мантажу.
3. Беларускі комікс «Волат і паплечнікі»
Комікс пра герояў беларускіх легендаў, паданьняў і казак. Гэта ўжо трэцяя кніга для дзяцей аўтарства Яна Мяльніцкага. Раней выходзілі коміксы «Казкі-краскі» і «Ох і залатая табакерка».
Арганізатары мяркуюць, што коміксы стануць выдатным падарункам для дзетак і іх бацькоў.
На выданьне коміксаў «Волаты і паплечнікі» трэба сабраць 3000 рублёў, якія будуць выкарыстаныя на аплату карэктара, рэдактара, вярстальшчыка, непасрэдна на друк коміксаў, а таксама паспрыяюць ажыцьцяўленьню далейшых праектаў мастака Яна Мяльніцкага.