Год Алексіевіч

Сьвятлана Алексіевіч зь Бібліяй Скарыны

Год таму ў Стакгольме было названае імя ляўрэата Нобэлеўскай прэміі па літаратуры: Сьвятлана Алексіевіч.

Упершыню беларуская пісьменьніца была ўганараваная найвышэйшай літаратурнай узнагароды — якую ў свой час атрымалі Бунін, Фолкнэр, Хэмінгуэй, Камю, Маркес...

Ужо праз некалькі гадзінаў Алексіевіч прыйшла ў рэдакцыю «Нашай Нівы» на сваю першую ў статусе ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі прэсавую канфэрэнцыю — і назвала сваімі літаратурнымі настаўнікамі Алеся Адамовіча і Васіля Быкава, і прыгадала, што яе прадзед вучыўся зь Якубам Коласам — тым самым адказаўшы на пытаньне, да якой літаратуры, да якога культурнага кантэксту яна належыць.

У адным зь нядаўніх інтэрвію Алексіевіч паскардзілася, што ў гэты «нобэлеўскі год» ёй было цяжка знайсьці час сесьці за пісьмовы стол — спрэс паездкі, сустрэчы, інтэрвію.

Праграма яе «нобэлеўскага году» уражвае: 17 краінаў (некаторыя — двойчы), дыскусіі з чытачамі, сустрэчы з выдаўцамі, аўдыенцыі ў кіраўнікоў дзяржаваў (адзін зь іх, прэзыдэнт Калюмбіі, днямі таксама абвешчаны ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі). А колькасьць краінаў, дзе выйшлі кнігі Алексіевіч, дасягнула 72-х. І нязьменна на сустрэчах, у інтэрвію Сьвятлана Алексіевіч казала пра Беларусь.

Сымбалічным завяршэньнем «нобэлеўскага году» было наведваньне Сьвятланай Алексіевіч Нацыянальнага музэю ў Празе, дзе яна ўзяла ў рукі выданьне Скарыны: час зрабіў повязь ад беларускага першадрукара — да першай беларускай нобэлеўскай ляўрэаткі.

У красавіку ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XIX стагодзьдзе» выйшла кніга «Святлана Алексіевіч на Свабодзе», дзе сабраныя інтэрвію пісьменьніцы, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі — за некалькі дзесяцігодзьдзяў. Прэзэнтацыя кнігі ў Палацы Рэспублікі сабрала поўную залю, онлайн-трансьляцыю на сайце Радыё Свабода глядзелі некалькі тысяч чалавек.

Прамова Алексіевіч, яе адказы на пытаньні, прамовы ўдзельнікаў прэзэнтацыі, «круглыя сталы», прысьвечаныя творчасьці пісьменьніцы, а таксама знойдзенае ў архіве «Свабоды» апошняе інтэрвію Алеся Адамовіча, дзе ён разважае пра Алексіевіч — дапоўнілі выданьне гэтай кнігі ў перакладзе на расейскую мову.

Ніжэй — некаторыя публікацыі на Свабодзе пра Сьвятлану Алексіевіч апошняга часу.

Ад Скарыны да Алексіевіч: надрукаванае застаецца

Сьвятлана Алексіевіч наведала Нацыянальны музэй у Празе, дзе ёй прадэманстравалі арыгінальнае выданьне Францішка Скарыны.


У Карлавым унівэрсытэце — дыскусія з удзелам Алексіевіч.

Жывая трансьляцыя


Алексіевіч: Я нават уяўляю чалавека, які прыйдзе ў нас да ўлады

Што можа адзін чалавек? Ці прайшла эпоха Гаўлаў на ўсходзе Эўропы? Гэтыя тэмы — у адмысловым выпуску перадачы «Зона Свабоды», прысьвечанай 80-годзьдзю з дня нараджэньня Вацлава Гаўла. Госьця перадачы — Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.


Сьвятлана Алексіевіч пра беларускую апазыцыю: наш народ не гатовы сёньня да барацьбы

Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч, якая знаходзіцца ў Празе, сустрэлася з чэскай аўдыторыяй у Нацыянальным тэатры. Сустрэча праходзіла ў рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да 80-годзьдзя першага прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла.


Алексіевіч: Беларусь і Ўкраіна ня ў межах Расеі. Усьвядомце і запомніце

Падчас наведваньня Радыё Свабода нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч узяла ўдзел у перадачы «Час Тимура Олевского» тэлепраграмы «Настоящее время».


Харукі Муракамі падзяліўся навіной пра ўхвалу ад Сьвятланы Алексіевіч

Японскі пісьменьнік Харукі Муракамі на сваёй афіцыйнай старонцы ў фэйсбуку падзяліўся навіной Радыё Свабода аб тым, што ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры Сьвятлана Алексіевіч вітала б ягоную перамогу сёлета.


Сьвятлана Алексіевіч: Беларускім Гаўлам мог быць Алесь Адамовіч

Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры за 2015 год Сьвятлана Алексіевіч, якая знаходзіцца ў Празе, узяла ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў у галоўным офісе Радыё Свабода.


Сьвятлана Алексіевіч прачытала лекцыю ў Карнэльскім унівэрсытэце

Аўтарка ўнівэрсытэцкай хронікі адзначае, што Алексіевіч сарвала бурлівыя воплескі, калі, гаворачы пра вайну, сказала: «Забіваць трэба ідэі, а не людзей».


Сьвятлана Алексіевіч адкрывае «прытулак для пісьменьнікаў» у Пітсбургу

Беларуская нобэлеўская ляўрэатка па літаратуры 10 верасьня бярэ ўдзел ва ўрачыстым адкрыцьці «гораду-прытулку» (City of Asylum) у Пітсбургу ў ЗША — месца часовага пражываньня для пісьменьнікаў, якія, з увагі на палітычныя або іншыя рэпрэсіі, ня маюць магчымасьці свабодна працаваць у сябе на радзіме.

Сьвятлана Алексіевіч стала ганаровым сябрам БАЖ

Такое рашэньне 9 верасьня прыняла рада Беларускай асацыяцыі журналістаў. Рашэньне рады віталі аплядысмэнтамі стоячы.


Сьвятлана Алексіевіч у Кітаі:

Фотагалерэя.


Алексіевіч атрымала самую прэстыжную кітайскую кніжную прэмію

Сьвятлану Алексіевіч узнагародзілі ў Пэкіне кніжнай прэміяй «Вэньцьзінь» (Wenjin). Гэта самая прэстыжная літаратурная ўзнагарода ў Кітаі. Яна была запачаткаваная Нацыянальнай бібліятэкай краіны ў 2004 годзе.


Алексіевіч на шанхайскім кірмашы не магла адбіцца ад паляўнічых на аўтографы

Беларуская нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч узяла ўдзел у Шанхайскім кніжным кірмашы, які праходзіў 17-21 жніўня.