Расея «была вымушаная абараняць расейскамоўнае насельніцтва ў Данбасе», заявіў расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін падчас свайго выступу на інвэстыцыйным форуме «Расея кліча!» у Маскве.
Такім чынам Пуцін пракамэнтаваў пагаршэньне расейска-амэрыканскіх адносін, якое, на яго думку, пачалося пасьля рэвалюцыі ва Украіне. Расейскі прэзыдэнт заявіў, што падзеі зімой 2014 году ў Кіеве былі справакаваныя Злучанымі Штатамі, і менавіта з-за «дзяржаўнага перавароту» ва Ўкраіне Крэмль «быў вымушаны» падтрымаць сэпаратыстаў на Данбасе, а таксама «адрэагаваць на імкненьне людзей, якія жывуць у Крыме, вярнуцца ў склад Расеі».
Расея анэксавала Крым вясной 2014 гаду пасьля «рэвалюцыі годнасьці» ва Украіне. Пуцін спачатку адмаўляў ваеннае ўмяшаньне Расеі ў справы паўвострава, аднак пазьней заявіў, што расейскія вайскоўцы «дапамагалі людзям выказаць сваё меркаваньне» на рэфэрэндуме ў пытаньні аб далучэньні да Расеі.
Акрамя незаконнай анэксіі Крыму, Кіеў і міжнародная супольнасьць вінавацяць Крэмль ва ўзброенай падтрымцы сэпаратыстаў на Данбасе. Пуцін раней заяўляў, што войскі Расеі ні ў якой форме ня ўдзельнічаюць у канфлікце ва Украіне. Аднак, паводле дадзеных Кіева, на Данбасе ў розны час знаходзіліся да васьмі тысяч кадравых расейскіх вайскоўцаў.
За анэксію Крыму і падтрымку сэпаратыстаў краіны Захаду ўвялі ў дачыненьні да Расеі эканамічныя санкцыі.