Расейскім чыноўнікам рэкамэндавана вярнуць родзічаў з-за мяжы, калі яны там жывуць, а дзяцей перавесьці з замежных ВНУ ў расейскія, не чакаючы канца навучальнага году, піша Znak.com са спасылкай на пяць суразмоўцаў, якіх закранула рэкамэндацыя.
Нефармальная просьба адміністрацыі прэзыдэнта Расеі тычыцца ўсіх чыноўнікаў, у тым ліку супрацоўнікаў самой адміністрацыі, адміністрацыяў рэгіёнаў і дэпутатаў Дзяржаўнай думы. Тым, хто не паслухаецца, пагражаюць цяжкасьцямі з кар’ерай у дзяржсэктары, кажа адзін з суразмоўцаў выданьня.
Як прыклад выданьне прыводзіць зьвесткі пра навучаньне за мяжой трох дачок дэпутата «Единой России» Сяргея Жалезьняка, сына сэнатаркі і старшыні камітэту ў пытаньнях сям’і Алены Мізулінай, сына былога ўпаўнаважанага ў справах правоў дзяцей Паўла Астахава, дачку міністра замежных справаў Сяргея Лаўрова, сына міністра прамысловасьці Дзяніса Мантурава.
Афіцыйна інфармацыя пра такую рэкамэндацыю абвяргаецца. Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Сяргей Пяскоў (чыя дачка жыве ў Францыі і нэгатыўна выказваецца пра расейскую адукацыю) заявіў, што «такога ня бачыў і ня чуў», а намесьнік старшыні камітэту Савету Фэдэрацыі па рэглямэнце Ўладзімір Палятаеў казаў, што ўпершыню пачуў пра гэта ад журналістаў.