11 кастрычніка дэпутацкія крэслы зоймуць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня і 4 гады будуць працаваць на сталай аснове ў парлямэнце. Такім чынам, 10 кастрычніка — апошні працоўны дзень для дэпутатаў старой Палаты пятага скліканьня, большасьць зь якіх у новы парлямэнт ня трапілі. Захаваюць дэпутацкія крэслы толькі 28 з 110 дзейных парлямэнтарыяў.
У расейскай Думе сапраўды «залатыя парашуты»
Ці атрымаюць былыя беларускія дэпутаты «залатыя парашуты», як іх расейскія калегі зь Дзярждумы, што не ўвайшлі ў новы склад парлямэнту? У параўнаньні з калегамі з Дзярждумы, былыя беларускія «палатачнікі» атрымаюць даволі сьціплыя выхадныя дапамогі. Так, кожны былы расейскі дэпутат атрымае 1,586 млн расейскіх рублёў (24,5 тысячы даляраў). Дый сярэдні заробак у расейскіх «служак народу» амаль у чатыры разы вышэйшы за беларускі (у «думцаў» — 450 тысяч расейскіх рублёў, ці каля 7 тысяч даляраў; у беларускіх — прыкладна 1,5 тысячы даляраў у эквіваленце).
У Законе «Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь» прапісаныя і гарантыі працоўных правоў, і памер выхадной дапамогі:
«Па заканчэньні тэрміну паўнамоцтваў дэпутату Палаты прадстаўнікоў, чальцу Савета Рэспублікі, якія працуюць у парлямэнце на прафэсійнай аснове, выплачваецца выхадная дапамога ў памеры, вызначаным для міністра Рэспублікі Беларусь».
Але пра дакладныя лічбы казаць цяжка, бо ў кіраўнікоў розных міністэрстваў заробкі розныя. Кіраўнікі сілавых ведамстваў атрымліваюць больш за міністра культуры ці, напрыклад, сельскай гаспадаркі. Паводле прызнаньня дэпутатаў ранейшых скліканьняў, выхадная дапамога з усімі выплатамі складае 3–3,5 тысячы даляраў.
Ордэны і мэдалі
Але, як той казаў, «ня хлебам адзіным» жыве дэпутат. Кіраўнік краіны аддзячыў асабліва адданым і працавітым дэпутатам і маральна: асобным уручыў дзяржаўныя ўзнагароды. Так, дэпутат Сяргей Канопліч, які адбыў у парлямэнце два тэрміны, а раней працаваў старшынём Ельскага райвыканкаму, узнагароджаны ордэнам Пашаны. Іншыя парлямэнцкія доўгажыхары — Ларыса Багдановіч, Віталь Бусько, Віктар Валюшыцкі, Генадзь Грыцкевіч, Валянцін Жураўскі, Мікалай Іванчанка, Віктар Шчацко і Сьвятлана Шылава — уганараваны мэдалямі «За працоўныя заслугі». Усе яны ў апошняй выбарчай кампаніі ня ўдзельнічалі і сыходзяць з парлямэнту.
Пасьля Палаты — толькі на павышэньне
Законам замацаванае і працаўладкаваньне былых слуг народу:
«Ім прапаноўваецца праца зь іх згоды з улікам атрыманай кваліфікацыі і досьведу работы ў парлямэнце. Па жаданьні ім прадастаўляецца ранейшае месца працы (пасада), за выключэньнем пасады чальца ўраду Рэспублікі Беларусь і выбарнай пасады ў дзяржаўных органах, а пры адсутнасьці такой магчымасьці ў сувязі з ліквідацыяй ранейшай пасады, ліквідацыяй або рэарганізацыяй арганізацыі — іншая раўнацэнная праца (пасада)».
З працаўладкаваньнем чвэрці дэпутацкага корпусу, якія засталіся ў Палаце, праблема не стаіць. Да таго ж літаральна ў мінулы чацьвер старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка паабяцаў, што зноў выбраныя парлямэнтарыі на правах больш дасьведчаных ачоляць некаторыя пастаянныя камісіі.
Прыкладна 20% былых дэпутатаў — людзі пэнсійнага ўзросту, і яны могуць ісьці на заслужаны адпачынак. Так, дэпутат Аляксандар Юркевіч раней працаваў старшынём Пружанскага райвыканкаму. Адпрацаваўшы два тэрміны, паведаміў, што ідзе на пэнсію, вяртаецца ў Пружаны, дзе яго чакаюць дзеці і ўнукі.
Дый чаму не адпачываць: пэнсія — 70% ад дэпутацкага заробку. Лічыце самі: дэпутаты зараблялі за месяц ў сярэднім 25 мільёнаў старых (недэнамінаваных) рублёў (прыкладна 1600 даляраў). Так, дэпутатка Аксана Няхайчык задэкляравала гадавы даход на суму 305 мільёнаў недэнамінаваных рублёў, Натальля Клімовіч — 304 мільёны, Валеры Барадзеня — амаль 340 мільёнаў, старшыня Ўладзімер Андрэйчанка — 410 мільёнаў). Так што пэнсія ў былых слуг народу будзе неблагая. Ня дзіва, што заўсёды сярод кандыдатаў у дэпутаты вельмі шмат людзей перадпэнсійнага веку.
У пошуку новых крэслаў
Праўда, ня ўсе дэпутаты зьбіраюцца на спачынак. Дэпутатка пэнсійнага веку Ларыса Багдановіч, якая выбіралася ў Берасьці і, па яе прызнаньні, не парывала са сваім «дзецішчам» — Берасьцейскім абласным цэнтрам мэдыцынскай рэабілітацыі для дзетак з псыханэўралягічнымі захворваньнямі «Тонус», пасьля непрацяглага адпачынку зьбіраецца вярнуцца туды, працягваць займацца лекарскай дзейнасьцю.
Некаторыя дэпутаты ўжо сядзяць ў двух крэслах. Напрыклад, гісторык Марат Жылінскі яшчэ ў сьнежні 2014 году прызначаны рэктарам Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце. Старажыл Мікалай Самасейка (былы старшыня Цэнтральнага суду Менску), які ў Палаце прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня ачольваў пастаянную камісію заканадаўства і судова-прававых пытаньняў, а ў пятым скліканьні — міжнародных справаў, у чэрвені 2015 году быў прызначаны першым намесьнікам адказнага сакратара Парлямэнцкага сходу Саюзу Беларусі і Расеі. Так і разрываўся паміж Масквой і Менскам.
Cярод былых дэпутатаў — яшчэ некалькі юрыстаў (судзьдзі Ўладзімер Чаравач, Людміла Міхалькова, пракурор Магілёўскай вобласьці Эдуард Сянькевіч). Людміла Міхалькова, якая да дэпутацтва працавала старшынёй Гомельскага абласнога суду, пойдзе працаваць начальнікам упраўленьня Вярхоўнага Суду; Уладзімер Чаравач (былы старшыня Кастрычніцкага суду Менску) — судзьдзём Вярхоўнага Суду. Так што ўсе ідуць на павышэньне.
Без праблем знаходзяць працу і мэдыкі, якіх і ў старым, і новым парлямэнтах даволі шмат. Лекары Валянцін Мілашэўскі, Сьвятлана Шылава, Аляксандар Сьцяцко, Алена Шамаль, Віктар Лісковіч, Ганна Лапаціна, Валер Гушча, Натальля Клімковіч таксама вяртаюцца да працы. Напрыклад, Сьвятлана Шылава, якая ў свой час была галоўным гінэколягам Міністэрства аховы здароўя, а потым засядала ў парлямэнце два тэрміны, паведаміла, што будзе працаваць у мэдыцынскім унівэрсытэце, адкуль фактычна і не сыходзіла: быўшы дэпутаткай, выкладала і рабіла апэрацыі.
Доктарка Алена Шамаль адпрацавала два дэпутацкія тэрміны. Да гэтага была намесьніцай галоўнага лекара Бабруйскага шпіталя. Ёй паступіла некалькі прапаноў, сярод якіх была і ачоліць Магілёўскую цэнтральную паліклініку. Пагадзілася. Кажа, што выбар зрабіць было цяжка.
Лёгка працаўладкоўваюцца і працаўнікі сфэры адукацыі, дырэктары школ і настаўнікі: Мікалай Воўкаў, Жанна Мішур, Людміла Старасьціна, іншыя. Жанна Мішур вяртаецца ў родны Бабруйск працаваць дырэктаркай школы № 30, дзе адпрацавала на гэтай пасадзе ўжо 15 гадоў. Сьпяшаецца: ужо ў аўтарак прыступае да працы, бо новы навучальны год пачаўся больш як месяц таму, а школа без кіраўніка.
Выкладчыкі не перарывалі сваёй працы
Кіраўнікі і выкладчыкі ВНУ, якіх у парлямэнце таксама нямала, сваёй асноўнай працы і не пакідалі. Згодна з заканадаўствам, ім дазваляецца сумяшчаць дэпутацтва з выкладаньнем. Напрыклад, Валянціна Лявоненка будзе працягваць працаваць у Беларускім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэце, Зыгмунд Валевіч — у Вайсковай акадэміі, Міхаіл Волкаў — у Горацкай сельгасакадэміі, Ала Навумчык — у Беларускім гандлёва-эканамічным унівэрсытэце спажывецкай каапэрацыі.
«Найбольш пэрспэктыўных» прызначаюць у дзяржаўныя органы
Частка шматлікага атраду былых старшыняў выканкамаў пойдзе на пэнсію па ўзросьце. Астатніх працаўладкуюць, але неабавязкова ў сваім раёне. Кіраўнікоў «вэртыкалі» было ў Палаце прадстаўнікоў нямала: Мікалай Язубец (Баранавічы), Мікалай Юркевіч (Пружаны), Галіна Філіповіч (Сьветлагорск), Сяргей Ушкевіч (Шчучын), Анатоль Бойка (Клецак), Пятро Шыкшыян (Лепель), Уладзімер Дзедушкін (Ворша), Леанід Апанасюк (Жлобін), Віктар Шчацько (намесьнік старшыні Менскага аблвыканкама).
Загадчыца аддзела кадраў і спэцпрацы Палаты прадстаўнікоў Інэса Дзямідава паведаміла Свабодзе:
«Інфармацыі пра новыя працоўныя месцы ўжо былых дэпутатаў у мяне пакуль няма. Таму што даручэньне — працаўладкаваць народных абраньнікаў, садзейнічаць ім — было дадзена дзяржаўным органам, абласным адміністрацыям. Магчыма, такую інфармацыю будзем мець пазьней».
Начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўленьня Палаты прадстаўнікоў Віталь Ермаловіч кажа, што звычайна хтосьці вяртаецца на ранейшае месца працы — настаўнікі, лекары, прамыслоўцы. Найбольш пэрспэктыўных прызначаюць у дзяржаўныя органы:
«Але пра гэтыя прызначэньні мы самі даведваемся з прэс-рэлізаў Адміністрацыі прэзыдэнта.
Звычайна ўсім нешта прапаноўваюць, прыходзяць да кансэнсусу. Я ня памятаю, каб былі нейкія праблемы ці скандалы з працаўладкаваньнем былых дэпутатаў».
«Прыстроіць» дэпутатаў загадаў старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзімеру Андрэйчанку кіраўнік дзяржавы:
«Ніводзін дэпутат не павінен застацца без увагі кіраўніцтва рэгіёнаў... Можа, будуць нейкія пажаданьні па працаўладкаваньні дэпутатаў, якія пакідаюць парлямэнт, але не палітычнае жыцьцё. Паглядзіце, каб дэпутаты, якія сыходзяць з парлямэнту, былі запатрабаваныя ў жыцьці. Ёсьць дэпутаты, якіх мы страціць ня можам», — загадаў Аляксандар Лукашэнка.
Два тыдні таму старшыня Палаты Андрэйчанка даклаў Лукашэнку, што ўсяго трэба працаўладкаваць 28 чалавек, і на той момант новыя працоўныя месцы не знайшлі толькі для 7 чалавек, з астатнімі пытаньне вырашана.
Ну а самым адданым заўсёды аддзячвалі: на добрыя пасады могуць разьлічваць толькі тыя дэпутаты, хто падчас сваёй кадэнцыі не даваў ніякай падставы сумнявацца ў сваёй адданасьці кіраўніку дзяржавы. Напрыклад, Генадзь Давыдзька, былы актор і дырэктар Купалаўскага тэтру, які адседзеў у Палаце два тэрміны, з 2004-га да 2012 году, у 2010-м (перад прэзыдэнцкімі выбарамі) быў прызначаны старшынём Белтэлерадыёкампаніі. Некалі дэпутата Сяргея Маскевіча прызначылі міністрам адукацыі, Валянціну Качан — намесьніцай міністра аховы здароўя.
Жыльлё ў Менску як дадатковы бонус
Іншагароднія дэпутаты павінны пакінуць службовае жытло. Як правіла, яны атрымліваюць арэндныя кватэры ў доме ў Казарменным завулку (там знаходзіцца каля 70 кватэр). Гэта абсталяваныя мэбляй і ўсім неабходным двух-, трох-, чатырохпакаёўкі. Тэрмінова высяляць былых дэпутатаў ніхто ня будзе, ім дадуць час сабраць рэчы. А новым парлямэнтарыям, згодна з артыкулам 32 Закону аб статусе дэпутата, на пэрыяд да атрыманьня жылога памяшканьня дадуць двухмесны нумар у гатэлі альбо, па жаданьні, кампэнсуюцца выдаткі па найме кватэры.
Але многія дэпутаты выкарысталі магчымасьць набыць нерухомасьць у сталіцы. Праўда, гавораць яны пра гэта неахвотна. Як прызналася берасьцейская дэпутатка Ларыса Багдановіч, падчас першай кадэнцыі яна жыла, як усе, у службовай кватэры ў Казарменным завулку. Але на пэрыяд працы ў парлямэнце дэпутаты атрымліваюць прапіску ў Менску і маюць права будаваць жытло. Спадарыня Багдановіч гэтым правам скарысталася і пабудавала кватэру ў Каменнай Горцы, узяўшы крэдыт на 20 гадоў з працэнтнай стаўкай 14,5%.
Прычым будуюцца дэпутаты на законных падставах: у заканадаўстве ёсьць пункт, згодна зь якім стаць на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоў, могуць грамадзяне, што пражываюць ў жылых памяшканьнях камэрцыйнага выкарыстаньня на ўмовах дамовы найму, заключанай на тэрмін службовых адносінаў. Іншагароднія выпісваюцца дома, прапісваюцца ў Менску і застаюцца сталічнымі жыхарамі.
Так што бальшыня дэпутатаў, нават тых, якія прыйшлі ў парлямэнт з высокіх пасадаў, нічога не губляюць. Без працы былых «палатачнікаў» не пакінуць, свае бонусы яны атрымаюць.