Бацька школьніцы, якая загінула падчас збору бульбы, патрабуе расьсьледаваньня Міністэрства працы

Збор бульбы, ілюстрацыйнае фота

Бацька школьніцы, якая загінула падчас збору бульбы пад Маладэчнам, зьвярнуўся да начальніка Маладачанскага міжраённага аддзелу Менскага абласнога ўпраўленьня дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Алег Папчэня просіць правесьці зь яго ўдзелам спэцыяльнае расьсьледаваньне няшчаснага выпадку.

29 верасьня падчас выкананьня сельскагаспадарчых працаў у СВК «Усход-агра» загінула вучаніца 8-й клясы школы № 11 Маладэчна 13-гадовая Вікторыя — на яе наехаў грузавік. Ад траўмаў дзяўчынка памерла па дарозе ў шпіталь. На месцы здарэньня працавалі сьледчыя. Маладачанскі раённы аддзел СК распачаў справу паводле ч. 2 арт. 317 КК (парушэньне правілаў дарожнага руху і эксплюатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула зь неасьцярожнасьці сьмерць чалавека).

Леанід Судаленка

Як паведаміў БелаПАН гомельскі праваабаронца, праўны інспэктар незалежнага прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка, які дапамог бацьку школьніцы скласьці заяву, наймальнік дапусьціў дзіця да выкананьня забароненай працы.

Алег Папчэня піша ў заяве, акрамя іншага, што наймальнік быў абавязаны запатрабаваць мэдычнага заключэньня аб стане здароўя і прызнаньні дзіцяці прыдатным да працаў, зьвязаных зь перамяшчэньнем цяжараў уручную і ўзьняцьцем цяжараў на вышыню, а таксама правесьці зь дзіцем уводны інструктаж пра ахову працы і тэхніку бясьпекі падчас выкананьня работ, і прызначыць адказнага за бясьпеку дзіцяці на сельскагаспадарчай вытворчасьці. Таксама наймальнік мусіў застрахаваць дзіця ад няшчасных выпадкаў на вытворчасьці, зьвязанай у тым ліку з эксплюатацыяй машын.

Вікторыя была адзіным дзіцем у сям’і. «На поле з клясай быў нават ня клясны кіраўнік, а іншы настаўнік. Бацька кажа, што супраць таго, каб каралі кіроўцу і настаўніка. Кажа, што трэба караць тых, хто іх туды адправіў. Бацьку 42 гады, ён працуе ў кацельні. Маці таксама рабочая, працуе на перапрацоўцы і ўтылізацыі плястмасы. Калгас маўчыць, чэкі на пахаваньне аплаціла школа», — расказаў Леанід Судаленка.

Як адзначыў Судаленка, бацька загінулай дзяўчынкі заявіў, што «ня хоча жыць за кошт свайго дзіцяці», але пагадзіўся падпісаць заяву. «Калі будзе распачатае спэцыяльнае расьсьледаваньне, сям’і належаць выплаты. Аднак для гэтага патрэбны акт аб тым, што няшчасны выпадак вытворчы, безь яго ніякіх выплатаў ня будзе. І для гэтага патрэбнае спэцыяльнае расьсьледаваньне Дэпартаменту працы», — растлумачыў Леанід Судаленка.