Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч, якая знаходзіцца ў Празе, сустрэлася з чэскай аўдыторыяй у Нацыянальным тэатры. Сустрэча праходзіла ў рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да 80-годзьдзя першага прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла.
Сустрэча доўжылася амаль дзьве гадзіны. Чэскі пісьменьнік Яхім Топал, які вёў сустрэчу, задаў пісьменьніцы пытаньне:
— Нядаўна я ў бібліятэцы Вацлава Гаўла сустракаўся зь вядомым беларускім апазыцыйным палітыкам Мікалаем Статкевічам, і ён казаў, што Лукашэнка — марыянэтка Крамля. Мне цікава: вось Украіна ў агні, ваюе, тысячы чалавечых ахвяраў, увага сьвету прыкаваная да яе, а ў Беларусі ціха. Што — беларуская апазыцыя зусім стамілася, зьнясілела пад рэпрэсіямі? Я толькі дадам, што 25 гадоў таму журналісты прыставалі да мяне: маўляў, палякі, вугорцы такія малайцы, а ў вас, чэхаў — нічога. Дык я з тым жа пытаньнем да вас.
— Мікалай Статкевіч, напэўна, лепш адказаў бы на гэтае пытаньне: ён у эпіцэнтры барацьбы, — адказала Сьвятлана Алексіевіч. — А я лічу, што наш народ не гатовы да барацьбы сёньня, ён знаходзіцца ў нейкай прамежкавай, матэрыяльнай стадыі: «человек пробуюший» — спрабуе новае жыцьцё, новыя рэчы, новую вопратку, да гэтага дадаецца ягоная сялянскасьць. І апазыцыя, вядома, вельмі слабая: усе прыкметныя асобы зьнішчаныя: нехта зламаўся сам, моцных людзей ня так шмат. Я якраз схіляюся перад Мікалаем Статкевічам — ён вытрымаў усё да канца: гэта рэдкасны мужчына. Але мне здаецца, Мікалай, што вы рамантык. Нам трэба падрыхтавацца да доўгай працы, наш народ не гатовы сёньня рабіць рэвалюцыю, а тая жменька маладых людзей, якая выйдзе на плошчу, а потым яе зноў выкінуць за мяжу — гэта не вырашэньне праблемы. Таму ў нас цяпер драматычныя часы.
Але гэта ня значыць, што мы павінны быць у адчаі, нам усё роўна трэба рабіць сваю працу. Нядаўна ў Англіі я сустракалася з Хадаркоўскім — вы ведаеце: гэта асабісты вязень Пуціна — і мы таксама гаварылі, што ня трэба ўпадаць у адчай, трэба рыхтаваць сябе і людзей навокал да будучыні. Галоўнае, каб у нас былі людзі для будучыні, а тое надышла вось перабудова — а людзей няма. І замест тых людзей, якіх мы чакалі, зьявіўся Лукашэнка і ўся гэтая шпана.
Сьвятлана Алексіевіч пра беларускую апазыцыю: наш народ не гатовы сёньня да барацьбы
Your browser doesn’t support HTML5