Трактарам ва Ўкраіну, або чаму расейцу не абавязкова быць беларусам

Гукарэжысэр Анатоль Бублікаў

Нечакана, на 56 годзе жыцьця, памёр наш калега, гукарэжысэр і прадусар Радыё Свабода Анатоль Бублікаў. Зямля пухам, Толя.

ЛУКАШЭНКА ЗНОЎ НАГАВАРЫЎ. Пра рэформы: «Я гатовы да любых рэформаў, самых жорсткіх, больш жорсткіх, чым МВФ сёньня патрабуе». Пра апазыцыю: ««Сёньня ёсьць ужо ў парлямэнце прадстаўнікі апазыцыі, але мала. Я хацеў бы, каб было болей». Пра танкі і трактар: «І ва Ўкраіну мы на танках не паедзем, мы на трактары туды паедзем». Было яшчэ пра люстрацыю, чукчаў і якутаў, расейскую і ангельскую мовы, і нават пра беларускую. Неяк абышлося без параўноўваньня памераў гэтых трох моваў.

САСНОЎ ТАДЫ НЯ ВЕДАЎ. Былы міністар працы Аляксандар Сасноў у размове з нашай калегай Ганнай Соўсь так пракамэнтаваў сваю пасаду ва ўрадзе пасьля абраньня Аляскандра Лукашэнкі прэзыдэнтам: «Я ня ведаў, што ён можа хлусіць, гледзячы ў вочы. Я ня ведаў, што сёньня ён можа прыняць адно рашэньне, а заўтра іншае».

«ПАРАДАНТОЗ», «ГАНГРЭНА» І ІНШАЕ. У Беларусі пачалі зьяўляцца ў продажы пачкі цыгарэтаў з малюнкамі-папярэджаньнямі пра магчымыя наступствы паленьня цыгарэт. У ліку надпісаў на пачках: «Парадантоз», «Гангрэна», «Імпатэнцыя», «Рак лёгкага», «Мёртванароджанасьць», «Пакутніцкая сьмерць». Далі прыкурыць.

ЯМУ ЗАКОН НЯ ПІСАНЫ. Мітрапаліт Менскі і Слуцкі Павал сказаў, што ня будзе атрымліваць беларускае грамадзянства. Тым часам закон Беларусі «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» у артыкуле 13 забараняе кіраваць рэлігійнымі арганізацыямі ў Беларусі замежнікам.

НАРОД НЕ ЗАХАЦЕЎ, А ПРЭЗЫДЭНТА ПРЭМІЯВАЛІ. Нарвэскі Нобэлеўскі камітэт сёньня прысудзіў Нобэлеўскую прэмію міру прэзыдэнту Калюмбію Хуану Мануэлю Сантасу за ягоныя намаганьні скончыць у краіне грамадзянскую вайну. А пяць дзён таму калюмбійцы на рэфэрэндуме прагаласавалі супраць замірэньня зь леварадыкальнай групоўкай ФАРК, зь якою ўлады ваююць ужо паўстагодзьдзя. Пагадненьне аб замірэньні падпісаў якраз Сантас.

Падпісацца праз электронную пошту.