Прэзыдэнт байцоўскага клюбу «Ахмат» Абузайд Вісмурадаў адказаў кіраўніку Саюзу зьмешаных баявых мастацтваў (ММА) Расеі Фёдару Емяльяненку, які раскрытыкаваў правядзеньне баёў па зьмешаных адзінаборствах паміж дзецьмі ў Грозным.
«Пытаньне, хто ён такі, каб даваць ацэнку нашаму турніру і паядынкам?» — напісаў Вісмурадаў у сваім інстаграме.
«Можа яго грызе зайздрасьць, таму што Grand-Prix Akhmat 2016 Final многімі прызнаны найлепшым турнірам у гісторыі расейскага ММА, а яго сюды не запрасілі? Ці ён стаў змагаром за справядлівасьць?» — напісаў Вісмурадаў.
4 кастрычніка ў Грозным адбыўся турнір па зьмешаных адзінаборствах, у якім разам з дарослымі байцамі ўдзельнічалі дзеці кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава: 10-гадовы Ахмад, 9-гадовы Зелімхан і 8-гадовы Адам. Усе яны выйгралі свае баі; Ахмад перамог накаўтам за 14 сэкунд.
Адзін з самых вядомых расейскіх байцоў ММА Фёдар Емяльяненка абурыўся тым, што баі былі заяўлены як паказальныя, аднак дзеці біліся па сапраўднаму, прытым без ахоўных шлемаў.
У сувязі з турнірам у Грозным прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што «наглядныя органы» павінны зацікавіцца трансьляцыяй баёў паміж дзецьмі па тэлебачаньні. На думку Пяскова, «накаўтаваньне дзіцяці, ды яшчэ ў тэлеэфіры — гэта падстава для таго, каб адпаведныя наглядныя органы зацікавіліся гэтай падзеяй».