Добры вечар! Сёньня Вацлаву Гаўлу споўнілася б 80 гадоў. Гэты выдатны чэх памёр 18 сьнежня 2011 году. «Дарагія сябры! Хацеў бы сардэчна вас павіншаваць на парозе новага году і пажадаць вам і вашым блізкім, каб ён быў лепшым, чым мінулы. Выказваю салідарнасьць з вашай пазыцыяй і буду і надалей выкарыстоўваць усе магчымасьці, каб разам са сваімі сябрамі зьвяртаць увагу міжнароднай грамадзкасьці на парушэньне грамадзянскіх правоў у Беларусі» – так дырэктару беларускай службы РС Аляксандру Лукашуку напісаў Вацлаў Гавэл тры дні перад сваёй сьмерцю.
АЛЕКСІЕВІЧ: ДУМАЮ, НОБЭЛЯ АТРЫМАЕ МУРАКАМІ. Сьвятлана Алексіевіч спадзяецца, што Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры сёлета атрымае японскі пісьменьнік Харукі Муракамі. «Я люблю гэтага пісьменьніка, хаця кажуць, што гэта спрошчаная літаратура. Мне падабаецца ўсходняя аранжыроўка падзеяў і іх разуменьня» – сказала беларуская набэліянтка на Радыё Свабода ў Празе.
МАРЦІНОВІЧ ЗАХАВАЕ БАЛЯНС. Пісьменьнік Віктар Марціновіч сказаў у гутарцы зь Міхасём Скоблам, што піша ён на дзьвюх мовах, каб задаволіць усіх чытачоў у дзьвюхмоўнай краіне. «Я дзьвюхмоўны, бо ў нас дзьвюхмоўныя чытачы. І чытачы нашы сёньня падзеленыя на тых, хто шукае і чытае кнігі выключна па-беларуску, і на тых, хто па-беларуску ня можа прачытаць і пяці старонак» – патлумачыў ён і паабяцаў, што свой шосты раман напіша па-беларуску.
МАКМІЛІН ПРЭЗЭНТАВАЎ «РУНЬ». Брытанскі дасьледчык беларускай літаратуры Арнольд Макмілін прэзэнтаваў у кнігарні «Логвінаў» сваю манаграфію «Рунь», у якой ён прааналізаваў творчасьць сарака маладых беларускіх паэтаў на падставе іх дэбютных зборнікаў. «Беларуская крытыка зьвяртае мала ўвагі на маладых паэтаў, таму магчымасьць напісаць пра іх вельмі прываблівае мяне» – сказаў брытанскі прафэсар на сустрэчы.
ПАЛЬЧЫСА ПРЫЗНАЛІ ПАЛІТВЯЗЬНЕМ. Праваабарончыя арганізацыі Беларусі і Беларуская асацыяцыя журналістаў прызналі аўтара блога 1863x Эдуарда Пальчыса, вядомага пад псэўданімам Jhon Silver, палітычным зьняволеным. Тэксты Пальчыса яны прызналі неэкстрэмісцкімі, а выкарыстаньне парнаграфічнай выявы — зьдзейсьненым бяз гнюсных мэтаў. Такую заяву праваабаронцы зрабілі пасьля аналізу 9 артыкулаў Пальчыса, у якіх суд Цэнтральнага раёну Менску ўгледзеў экстрэмізм.
АМАП У ДЗЕЯНЬНІ. «Нас паклалі тварам на падлогу і прыціснулі ботамі галаву. Адзін пачаў наступаць на пяткі, спружыніць. Неўзабаве недзе ўверсе ў грубай форме прагучала прапанова... справіць на мяне малую патрэбу. Я пачуў, як расшпільваецца „маланка” на шырынцы. Зьверху палілася цёплая вадкасьць. Я хацеў адвярнуцца, круціўся, але вадкасьць трапляла на твар і валасы» – расказаў нам менскі падлетак, якога амапаўцы затрымалі за спажываньне алькаголю на вуліцы. Хлопца чакае суд, паколькі адзін з амапаўцаў падаў заяву на падлетка за «гвалт у дачыненьні да супрацоўніка праваахоўных органаў».