Эўразьвяз асудзіў сьмяротны прысуд Сяргею Вострыкаву

ЭЗ асудзіў рашэньне Вярхоўнага Суду Беларусі, які пакінуў у сіле сьмяротны прысуд 33-гадоваму жыхару Гомелю Сяргею Вострыкаву за згвалтаваньне і забойства дзьвюх маладых жанчын.

«Эўразьвяз пацьвярджае сваю цьвёрдую апазыцыю ў дачыненьні да сьмяротнай кары. Пакараньне сьмерцю зьяўляецца негуманным відам пакараньня, якое прыніжае годнасьць, ня мае даказанага стрымальнага эфэкту і робіць судовыя памылкі незваротнымі», — гаворыцца ў заяве прэс-службы ЭЗ, паведамляе «Інтэрфакс».

«Далейшае прымяненьне сьмяротнага пакараньня супярэчыць заяўленай гатоўнасьці Беларусі разгледзець пытаньне аб увядзеньні мараторыю на прымяненьне такога пакараньня. Гэта таксама абавязаньне, прынятае Беларусьсю ў адказ на рэкамэндацыі Рады па правах чалавека ААН у рамках унівэрсальнага пэрыядычнага агляду», — нагадалі ў прэс-службе.

ЭЗ заклікае ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне «ў якасьці першага кроку да яго адмены».

Сяргей Вострыкаў быў асуджаны за два асобныя выпадкі згвалтаваньня і забойства. Ён быў прызнаны вінаватым у забойстве дзьвюх сваіх калегаў-жанчын. Першае забойства адбылося ў ліпені 2014-га, другое праз год, у ліпені 2015-га. Паводле суду, Сяргей Вострыкаў прапаноўваў адвезьці жанчын на працу, але замест таго завозіў у гараж, дзе гвалціў і забіваў, а целы хаваў у лесе.

Сьмяротны прысуд Сяргею Вострыкаву стаў трэцім такім прысудам у 2016 годзе.