Як «прысушыць» каханага?

Кожны, хто хоць раз спазнаў безадказнае каханьне ды непадзеленую жарсьць, добра ведае, як гэта цяжка. Так невыносна цяжка, што гатовы бегчы на край сьвету ці кінуцца хоць да чорта з балота, абы дапамаглі. Гэта і ў даўнія часы, і цяпер. Мо ў апошняе стагодзьдзе чалавек адчувае гэта яшчэ вастрэй, чым у мінулым. І сучасны чалавек зьвяртаецца да памяці продкаў пра любоўную магію. Як беларусы прысушвалі каханых у далёкім і ня вельмі далёкім мінулым? І чаму ў прысушкі вераць і сёньня? У якой форме яны працягваюць існаваць? Гутарка з этнакультуролягам, доктарам філялягічных навук Тацянай Валодзінай.

Вячаслаў Ракіцкі: Тацяна, наколькі пашыранай была любоўная магія ў колішняй беларускай вёсцы?

Тацяна Валодзіна: Сталыя, рэгулярныя фальклёрна-этнаграфічныя запісы ў нас ёсьць недзе ад пачатку ХІХ стагодзьдзя, але судовыя справы прыводзяць факты значна больш раньнія, ад ХVI—XVII стагодзьдзяў. Сапраўды, беларусы нярэдка карысталіся магічнымі сродкамі ў сфэры любоўна-шлюбных дачыненьняў. Але не часьцей, чым суседзі як з заходняга, гэтак і ўсходняга боку. Статыстычным параўнаньнем ніхто не займаўся, але любоўная магія як зьява шырока вядомая па ўсёй Эўропе. Нямецкія этнаграфічныя крыніцы таксама ўтрымліваюць даволі даўнія і шматлікія зьвесткі.

Ракіцкі: Сярэднявечныя чары апісаныя і дасьледаваныя даволі добра. А што можна казаць пра дзень сёньняшні?

Валодзіна: Вера ў магчымасьць «прысушыць» абраньніка жывая і дагэтуль, а архаічныя практыкі толькі мадыфікуюцца пад уплывам часу. Сёньня, калі сучасьніка мала хвалюе ўраджай палёў ці колькасьць малака ў калгасных, да таго ж, кароў, менавіта шлюбна-любоўны аспэкт пачынае займаць дамінуючую пазыцыю ў сфэры магічных дзеяў. Да таго ж любоўная магія рашуча перамясьцілася ў горад. Вясковыя бабулі ў сёньняшнім буме цікавасьці да містыцызму фактычна саступілі свае пазыцыі гарадзкім «спэцыялістам». Колькі аб’яваў у сеціве, дый на дошках аб’яваў, што вернуць каханага, знойдуць мужа і г.д. І калі ёсьць прапанова, дык ёсьць і попыт.

Ракіцкі: Цікава, хто большая аўдыторыя падобных аб’яваў? Пэўна ж, маладыя, ня ўпэўненыя ў сабе дзяўчаты?

Валодзіна: Не. Запісы як мінулых стагодзьдзяў, так і сучасныя сьведчаць пра рэзкае разьмежаваньне любоўнай магіі з боку жанчын і мужчын. Мужчыны магічнымі мэтадамі імкнуліся, кажучы словамі сярэднявечных судзебнікаў, «скланіць жонак к блуду» і верылі ў дзейснасьць магічных сродкаў, каб распальваць жарсьць. Зварот жа жанчын да магічных прываротаў, наадварот, зьвязваўся ня з пошукамі плоцевай насалоды, а з упарадкаваньнем сямейна-шлюбнай сфэры. Прыкладам, існуе шэраг замоваў і магічных захадаў, скіраваных на тое, «каб вярнуць бацьку да дзяцей». І сёньня, са словаў асобных «спэцыялістаў», да іхніх паслугаў зьвяртаюцца перадусім кабеткі, якія палічылі, што «поезд ушел и рельсы разобрали».

Ракіцкі: Адрозьненьні паміж мужчынскай і жаночай, так бы мовіць, «праўдамі» высьветлілі. А чым розьняцца колішнія вясковыя і сёньняшнія гарадзкія магічныя практыкі?

Валодзіна: Найперш зыходнай устаноўкай. Абсалютная большасьць сучасных вясковых жанчын аднадушна сыходзяцца ў думцы, што любоўныя чары хоць і існуюць, але не гарантуюць шчасьлівае жыцьцё сужэнцаў і дзейсныя толькі на некаторы час:

«Усё роўна жызьні ня будзець. Чары тыя пройдуць і ўсё. Такоя атнашэнія... Было гэта, было. Казалі, адзін жонку б’ець, забіваець, нічога няможна. Вады езьдзіла брала. Кажаць: „Хай вадзічкі той папіваець і ўсё будзець“. Ну, на які-та срок праходзіць эта, а тады апяць бешанства начынаець і б’ець яе».

Дыванок. Лоеўскі раён. Здымак Т.Валодзінай

Гэты запіс зроблены ў Сеньненскім раёне. Падобны расказ пра прыварожанага мужа запісаны і ў Лоеўскім раёне:

«Ён ездзіў у зарабаткі ў Карэлафінск, на лесасплаў. Туды, — гавора, — прыеду, тады разрываецца мая душа: дадому. Тут ненавіджу яе, а паеду ў Карэлію, мая душа разрываецца: сюда. Дажа пад Кіеў ён дзесь прыжаніўся — паехала і адтуль прывезла. Як тут жыве — ненавідзіць, а пойдзе, яна яго адусюль забярэ».

Адна з сталага веку жанчын расказвала мне пра свой уласны вопыт прыварожак. Ёй удалося выйсьці замуж за абранага чалавека, і жыцьцё пражылі, дзетак выгадавалі. Але. Гэта палеская вёска, дзе да сёньня хаты ўпрыгожаныя вышыўкамі, пасьцелі засланыя белымі з буйнымі стракатымі кветкамі пакрываламі, і падушкі такія ж. І вось яна кажа:

«Ён вычысціць хлеў і прама ў ботах у гнаі прыдзе і ляжа на гэты святочны ложак. Жылі, а так мяне і не любіў».

У хаце. Слаўгарадзкі раён. Здымак Т.Валодзінай

Для мяне на ўсё жыцьцё застаўся гэты вобраз — гной на белі прасьціны і на чырвані кветак. Гной, бруд.

Ракіцкі: А гарадзкія магі, трэба меркаваць, абяцаюць усё і адразу ды за вялікія грошы?

Валодзіна: Так. Сёньня шмат шарлатанаў проста нажываецца на гэтых тонкіх і вельмі адчувальных струнках чалавечай душы.

Ракіцкі: Але ж мэтады і рэальныя сродкі любоўнай магіі, напэўна ж, застаюцца адны і тыя ж?

Валодзіна: На жаль ці на шчасьце, сёньняшнія гарадзкія магі ня дзеляцца сваімі аповедамі. А вось у часе экспэдыцыяў давялося запісаць даволі шмат сродкаў, каб прылучыць абраньніка. Сёе-тое выклікае проста ўсьмешку.

У Быхаўскім раёне як асабліва дзейсны сродак мне параілі такі: са сьвіньні, з крайняй цыцкі, калі яна апаросіцца, малака надаіць і даць таму чалавеку выпіць.

У размовах пра справы любоўныя. Здымак У.Лобача

Але калі паспрабаваць тыя магічныя сродкі прааналізаваць, то і ў іх бачная свая, міталягічная лёгіка. Любоўны прыварот у цэлым грунтуецца на законах імітатыўнай магіі і таму ўключае ў сябе захады, накіраваныя на склейваньне, збліжэньне, сшываньне і г.д. Жаданы хлопец мусіць прыляпіцца, як лісток у лазьні. У Чашніцкім раёне казалі:

«А яшчэ як у бані мыесся і лісцінка прыліпніць да цела, тады гэтую лісцінку яму прычапіць нада».

А ў горадзе Сянно лічаць, што трэба быць заўжды побач, як і нага:

«Калі ты хочаш мальца залюбіць, ці дзеўку, вазьмі канхвеціну ці хлеба, кала нагі абнесці. „Як мая ножка, не адхадзіся ад мяне“. Ён і прыліпнець. Як стаіш во, кала калена абкруціць. Пералажаваеш тры разы».

У выніку чараў каханкі сплятуцца, як і дрэвы:

«Вот як дзеравы растуць і так адно з адным сплітаюцца, вот гэтай кары нада набраць, надраць нажом, закіпяціць і даваць піць. Ці ў кампот ці куды. Ты ж ня будзеш паўлітра ліць — ложку, дзьве, тры...»

Гэты запіс зроблены ў Докшыцкім раёне.

Ён і яна. На фэстывалі Берагіня. Здымак Т.Валодзінай

Ракіцкі: Калі ўлічыць гендэрныя несупадзеньні ў мэтах любоўнай магіі, ці распаўсюджваюцца яны на іх мэтодыку?

Валодзіна: У нязначнай ступені. Сапраўды, калі прысушку рабіў мужчына, то кіравалася яна перадусім на тое, каб спакусіць упадабаную жанчыну:

«Ой, я платочкам сьцёр сваіх прычындалаў, а тады па ёй. І ўсё, і яна мяне палюбіла, і мая».

Але і з жаночага боку назіраецца тое ж. Любоўнае чараваньне кіравалася на злучэньне канкрэтных целаў, праз маніпуляцыі з найбольш інтымнымі яго часткамі. Яшчэ Аляксандар Сержпутоўскі пісаў:

«Каб прываражыць к сабе малайца, дзеўка й жанчына выстрыгае ў сябе на сарамацені струк валосся, паліць яго й той попел дае таму чалавеку ў чым-небудзь выпіць».

Ну, а маніпуляцыі зь месячнымі, пры ўсёй далікатнасьці пытаньня, вельмі вядомыя, але ў такой жа ступені насычаныя жахлівымі падрабязнасьцямі наступстваў.

"Трудна растацца, трудна забыць". Вышыўка на рушніку. Здымак Т.Валодзінай

Ракіцкі: Асаблівую цікавасьць выклікае і само найменьне любоўных чараў — прысушкі. Вось і мы з вамі ўвесь час кажам — прысушкі, прысушкі. Адкуль гэтая назва? І чаму ад каханьня трэба сохнуць?

Валодзіна: Сапраўды, пры магічных маніпуляцыях абранага чалавека імкнуліся менавіта прысушыць да сябе. Такія прысушкі часта суправаджаліся захадамі, накіраванымі на высыханьне самога чалавека. З гэтай мэтай бралі венік, якім падмяталася хата дзяўчыны, клалі ў напаленай лазьні на палок і тры разы казалі:

«Як сохне гэты пруток, няхай так сохне па мне мой суджаны Васілёк».

Прыблізна накрэсьліўшы сьлед чалавека там, дзе ён ступіў, капалі зямлю па контуры, клалі ў мяшочак і пакідалі ў лазьні ці ў коміне з наступным прыгаворам:

«Як след твой ад агня гарыць і сохне, так каб ты па мне гарэў і сох».

Усё жыцьцё разам без усялякіх прысушак. Здымак Т.Валодзінай

Так у Сеньненскім раёне рабілі. Беларусы верылі і ў тое, што дастаткова высушыць мерку, зьнятую са сьледу, каб высах і сам чалавек. Таму абрады і нават замовы, накіраваныя на тое, каб здабыць узаемнасьць і выклікаць любоўную жарсьць, атрымалі найменьне прысушак: у іх прадмет-пасярэднік часьцей за ўсё награюць, паляць, сушаць. У замовах-прысушках нярэдкія выпадкі, калі зьвяртаюцца да прадстаўнікоў нячыстай сілы з просьбаю, каб яны ўсяляк мучылі абраную ахвяру.

Ракіцкі: У такім разе прысушкі і любоўную магію варта адносіць да ліку гэтак званай чорнай магіі?

Валодзіна: Туды і адносіцца. У прысушках менавіта злыя духі — выканаўцы волі замоўніка. Але, што цікава, цёмныя сілы павінны зьдзекавацца з чалавека да таго часу, пакуль ён не адкажа ўзаемнасьцю. Прычым сымптомы каханьня ў замовах цалкам паўтараюць сымптомы пры асабліва цяжкіх хваробах. Наогул, каханьне праз прызму любоўнай магіі паўстае як вельмі цяжкая і пакутлівая немач. Калі разглядаем замовы, відавочная дзіўная заканамернасьць: замова кіруецца на тое, каб выклікаць у абраньніка ўсялякія пакуты, але як толькі мужчына ўступае з ініцыятаркай магіі ў любоўныя адносіны, ягонаму здароўю нічога не пагражае. Паводле паведамленьняў Еўдакіма Раманава, калі хлопец прычароўвае дзяўчыну, то яна будзе «чарнець по им», пакуль яны ня «сóйдутца».

«Як сóйдутца, добро живуць. А ня сóйдутца, дык ня ў пуць: ина по ём будзець сохнуць, а ён по ёй».

Суладзьдзе - каб і ў жыцьці так. Мсьціслаў. Здымак Т.Валодзінай

Істотна, што цялесныя пакуты выступаюць як пэўная альтэрнатыва любоўным дачыненьням: чалавек пакутуе да таго часу, пакуль не ўзьнікае каханьне.

Ракіцкі: Ці не азначае гэта, што любоўная магія ставіць сваю ахвяру перад выбарам: альбо каханьне, альбо пакуты і нават сьмерць?

Валодзіна: Так, гэта своеасаблівы шантаж, калі чалавеку не застаецца нічога іншага, як прыняць патрабаваньні актыўнага боку, які да таго ж заручаецца падтрымкай нячыстай сілы. Шматлікія хваравітыя станы ў аповедах вясковых бабуль апісваюцца ня толькі як узьдзеяньне сурокаў ці пярэпалаху, але і як вынік любоўных чараў. Ва ўсякім разе, у традыцыйным сьветапоглядзе беларусаў любоўная магія — зьява небясьпечная, непрадказальная, ацэненая як грахоўная і нячыстая.