Расейская кампанія «Транснефть» не падпісала пагадненьне аб падвышэньні тарыфу на транзыт нафты, перадае РИА «Новости» словы дарадцы прэзыдэнта «Транснефти» Ігара Дзёміна.
Беларусь парушыла дзейныя мэтодыкі ўзгадненьня тарыфаў, калі 2 кастрычніка падвысіла цэны на транзыт нафты напалову, сьцьвярджае «Транснефть». Таксама рашэньне крытыкуе антыманапольная служба Расеі.
Па словах Дзёміна, у «Транснефть» прыйшоў ліст ад «Гомельтранснафты Дружба» з прапановай падпісаць дадатковае пагадненьне аб падвышэньні тарыфаў. «Транснефть» вярнула ліст у Беларусь бяз подпісаў, але пры гэтым паведаміла расейскім кампаніям пра зьмену тарыфаў.
Цяпер «Транснефть» зьбіраецца спаганяць з расейскіх кампаніяў кошт тарыфу, прынятага ў Беларусі, але сума звыш ранейшага тарыфу ня пойдзе ў Беларусь, а будзе заставацца ў «Транснефти», пакуль справа з тарыфамі ня вырашыцца. Калі падвышэньне тарыфаў будзе скасавана, грошы абяцаюць вярнуць расейскім кампаніям.
Тым часам Беларусь і Расея ня могуць дамовіцца пра цану на газ. Расея ня хоча даваць зьніжкі, якія просіць Беларусь, і заяўляе пра доўг Беларусі за газ у памеры каля 300 мільёнаў даляраў.
Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей прасіў ня зьвязваць «нафтагазавыя войны» са спробай нармалізацыі дачыненьняў Беларусі з Эўразьвязам.