Беларускі наёмнік, славянскі сыр, пакістанскі мільярд

Добры вечар! Крыху пазытыву на пачатак. Наша калега Галіна Абакунчык зрабіла харошы відэаматэрыял пра рэабілітацыйны працоўны цэнтар «Вяртаньне» ў Смалявічах для алькаголікаў і наркаманаў. Цэнтар арганізаваны дабрадзейнай рэлігійнай місіяй «Teen Challenge». Гэта вам не айчынны наркалягічны дыспансэр.

НАЁМНІК З БАРЫСАВА. Канстанцін Фафанаў з Барысава паваяваў за сэпаратыстаў на Данбасе і вярнуўся дадому. 58-гадовы Фафанаў яшчэ выбіраўся ваяваць у Сырыі, але не знайшоў туды дарогі. Тужыць па Расейскай імпэрыі. «Эх, якая была краіна! — сказаў нашаму карэспандэнту. — І Польшча ў нас, і Фінляндыя, і ўвесь Каўказ. А што засталося пасьля камуністаў? Наагул бардак. Беларусь павінна быць з Расеяй. Дый наагул усе б землі я вярнуў».

КАЛІ НЕ БАНАНЫ, ТО СЫР. Расейцы абвінавачваюць беларусаў у «пастаянным і бескантрольным увозе сырнай прадукцыі, вырабленай на аснове расьлінных тлушчаў украінскага паходжаньня». У 2014 годзе расейскія ўлады забаранілі ўвоз на сваю тэрыторыю сыроў з Украіны.

КІРУНАК ІСЛАМАБАД. 4 кастрычніка пачынаецца афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Пакістан. Кіраўнік Беларусі выказаўся за павышэньне таваразвароту з Пакістанам да 1 мільрда даляраў (цяпер ён складае ўсяго 50-65 мільёнаў даляраў за год). «Мы ўзаемадапаўняльныя дзяржавы» – лічыць Лукашэнка.

У ЗАМЕЖЖА ПА ГРЫБЫ І ЯГАДЫ. Сёлета беларускія і ўкраінскія памежнікі дамовіліся пра арганізацыю сэзоннага доступу ўкраінцаў на тэрыторыю Беларусі ў два пэрыяды — ад 1 ліпеня да 10 жніўня і ад 1 верасьня да 15 лістапада. Ад пачатку збору грыбоў і ягад на тэрыторыі беларускага заказьніка «Альманскія балоты» памежнікі затрымалі 84 асобы за перасячэньне дзяржаўнае мяжы па-за вызначанымі на гэты час пунктамі пропуску.

ТРЭЦІ СЬМЯРОТНІК СЁЛЕТА. Вярхоўны суд не задаволіў апэляцыйную скаргу на прысуд Сяргея Вострыкава, якога Гомельскі абласны суд у траўні асудзіў на сьмерць за два выпадкі згвалтаваньня і забойства. Сьмяротны прысуд Вострыкаву стаў трэцім такім прысудам у 2016 годзе.

Падпісацца праз электронную пошту.