Вянок памяці: Іван Шэга

Іван Шэга, фота 10 ліпеня 2016 году

Вядомы слонімскі доктар, грамадзкі дзяяч, былы дэпутат раённага савету Іван Шэга памёр 4 кастрычніка ва ўзросьце 63 гадоў.

У Слоніме Івана Шэгу ведалі ня толькі як лекара, грамадзкага дзеяча, адраджэнца беларускай мовы і культуры, але і як прыгожага, інтэлігентнага, адукаванага чалавека. Зь ім імкнуліся размаўляць, раіцца і абмяркоўваць самыя розныя пытаньні людзі — так пра Івана Шэгу згадвае ягоны сябар, слонімскі краязнаўца Сяргей Чыгрын.

Паводле Чыгрына, пра Шэгу можна распавядаць шмат, настолькі цікавы і шматгранны быў чалавек.

Ад яго веяла пазытыўнай энэргіяй, ён мог вырашаць усе пытаньні без канфліктаў, згодна з законам, што асабліва бянтэжыла ягоных апанэнтаў.

— Найперш гэта быў вельмі паважаны чалавек і лекар у нашым раёне, які шмат зрабіў для здароўя і дабра людзей. Да яго ішлі пацыенты, нават калі ён ужо не працаваў; вакол яго гуртаваліся грамадзкія і палітычныя дзеячы, паколькі заўсёды мог падтрымаць і падказаць. Ад яго веяла пазытыўнай энэргіяй, ён мог вырашаць усе пытаньні без канфліктаў, згодна з законам, што асабліва бянтэжыла ягоных апанэнтаў. Я добра ведаў яго, неаднойчы разам бывалі на ягонай радзіме ў Валеўцы, там дагэтуль жыве ягоная маці. Выдатная беларуская сям’я і добрае выхаваньне — гэта ўсё паходзіла менавіта зь ягонага дому. Там была закладзеная любоў да нашае мовы і культуры, за адраджэньне якой ён потым змагаўся ўвесь час. Зь ім было заўсёды прыемна працаваць і проста гутарыць, і слонімцы гэта добра адчувалі. А таму для ўсіх нас гэта вялікая страта. А яшчэ ён напісаў і выдаў выдатную кнігу «Пра краіну і пра нас», раю ўсім яе пачытаць.

Іван Шэга быў адным з заснавальнікаў мясцовай арганізацыі БНФ, уваходзіў у склад Сойму Партыі БНФ. У 2003 годзе выбіраўся дэпутатам раённага Савету. Сёлета на выбарах у парлямэнт штабам Івана Шэгі кіраваў ягоны аднадумца, слонімскі актывіст Віктар Марчык. Ён вельмі ўсхваляваны сьмерцю Івана Шэгі і кажа, што страцілі найлепшага свайго чалавека.

Ён быў самым яркім лідэрам у нас, яго ўсе паважалі. Прычым паважалі ня толькі як лідэра, але і як лекара, і як чалавека. Зараз у мяне не змаўкае тэлефон, людзі тэлефануюць, бо вельмі яму ўдзячныя.

— Ён быў самым яркім лідэрам у нас, яго ўсе паважалі. Прычым паважалі ня толькі як лідэра, але і як лекара, і як чалавека. Зараз у мяне не змаўкае тэлефон, людзі тэлефануюць, бо вельмі яму ўдзячныя. Ён пражыў сапраўды яркае жыцьцё, бо дапамог вельмі многім. Вось толькі хвароба аказалася мацнейшай. Нам зь ім было лёгка, бо ён быў пазытыўным, заўсёды падказваў і накіроўваў. Я цяпер засмучаны, бо нават не ўяўляю, як будзе безь яго. Ягоныя асноўныя сілы заўсёды былі скіраваны на адраджэньне нашае мовы і культуры, а таксама на паляпшэньне жыцьця нашых людзей. Можа, менавіта таму ён так шмат увагі аддаваў кожнаму чалавеку. І нават чыноўнікі ніколі не маглі сказаць пра яго, апазыцыянэра, як пра нейкага «адмарозка», бо гэта быў чалавек сапраўднага ўзроўню. Ён быў сталы палітык, разумеў, што такое наша незалежнасьць, і заклікаў заўсёды яе мацаваць. Мы страцілі сапраўдную апору. Мы заўсёды ва ўсім зь ім раіліся, а для мяне ён быў як старэйшы брат.

Міхаіл Старык, лекар са Слоніму, зь якім Іван Шэга прапрацаваў побач не адзін год, таксама кажа, што страцілі ня толькі выдатнага лекара, але і выдатнага чалавека.

Неабыякавы быў чалавек і да працы, і да людзей, і да сваёй краіны.

— Ведаеце, ад усіх без выключэньня пацыентаў я чуў заўсёды толькі добрыя словы пра доктара Шэгу. І мы, ягоныя калегі, добра разумелі, што на яго трэба раўняцца. Ён быў абазнаны ў дасягненьнях сучаснай мэдычнай навукі, заўсёды цікавіўся навінкамі. Ён быў прыкладам, як ставіцца да пацыентаў, умеў размаўляць з людзьмі, падтрымліваў іх у цяжкай сытуацыі. Цудоўны быў спэцыяліст і чалавек. Калі яму не працягнулі кантракт з прычыны ягоных дэмакратычных поглядаў, ніколі на людзях не паказваў, што перажывае. А я разумеў, што з чалавекам абышліся незаслужана, і бачыў, што яго гэта вельмі хвалявала. Неабыякавы быў чалавек і да працы, і да людзей, і да сваёй краіны.

***

Іван Шэга нарадзіўся 25 сакавіка 1953 году ў вёсцы Валеўка Наваградзкага раёну, там жа скончыў школу, а затым у Менску — мэдыцынскі інстытут.

Працаваў траўматолягам у Слоніме. Пасьля таго як на пэнсіі яму не працягнулі кантракт, стварыў недзяржаўную установу «Шэгамэдконсульт» і працягваў дапамагаць хворым людзям.

Быў адным з заснавальнікам мясцовай суполкі БНФ, зьяўляўся сябрам Сойму Партыі БНФ, неаднойчы балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў.

У яго засталіся жонка і сын, а таксама на радзіме ў вёсцы Валеўка яшчэ жыве ягоная маці.