«Супраца Расеі і ЗША ў ядзернай бясьпецы зайшла ў тупік», — экспэрт

Выстаўленыя Расеяй умовы аднаўленьня дзеяньня пагадненьня з ЗША пра ўтылізацыю плютонію экспэрты лічаць нерэалістычнымі.

Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб прыпыненьні дзеяньня міжурадавага пагадненьня з ЗША аб утылізацыі плютонію. Як вынікае з тэксту ўказу, гэта было зроблена празь «недружалюбныя дзеяньні» ЗША.

Між тым, як сьведчыць апублікаваны ўчора законапраект, пагадненьне паміж Расеяй і ЗША аб утылізацыі плютонію, спыненае Масквой 3 кастрычніка, можа быць адноўлена пры выкананьні амэрыканскім бокам некалькіх умоваў.

Уладзімір Пуцін можа аднавіць дзеяньне дамовы, калі Вашынгтон адменіць закон Магніцкага, усе санкцыі ў дачыненьні да Расеі, а таксама кампэнсуе ёй страты ад гэтых санкцый, у тым ліку «страты ад увядзеньня вымушаных контрасанкцый у дачыненьні да Злучаных Штатаў Амэрыкі».

Таксама адна з умоваў, пры выкананьні якіх Масква гатовая аднавіць дамову пра плютоній, гэта скарачэньне вайсковай інфраструктуры і колькасьці войскаў ЗША на тэрыторыі краін NATO, якія ўступілі ў альянс пасьля 2000 году.

На думку незалежнага вайсковага аналітыка Аляксандра Гольца, такога роду заявы робяцца выключна ў разьліку на тое, што «нікому ніколі не прыйдзе ў галаву выконваць патрабаваньні, якія ў іх зьмяшчаюцца».

Аляксандар Гольц

«Я ня думаю, што ЗША настолькі маюць патрэбу ў расейскім плютоніі, — сказаў ён у інтэрвію „Голасу Амэрыкі“. — Трэба мець на ўвазе, што ў выніку апошняй дамовы пра Стратэгічныя наступальныя узбраеньні, падпісанай у 2010 годзе, адбываецца даволі істотнае скарачэньне ў тым ліку і ядзерных боегаловак. Так што ў мяне няма адчуваньня, што ЗША будуць адчуваць сурʼёзны недахоп у плютоніі».

Падобныя заявы адрасаваныя ў першую чаргу зусім не ЗША, лічыць Аляксандр Гольц.

«Гэта найперш дэманстрацыя расейцам, што мы чымсьці можам абразіць Вашынгтон», — канстатаваў экспэрт.

Аляксандр Гольц назваў тое, што здарылася, відавочным сыгналам канчатковага парываньня Расеі з сыстэмай узаемаадносінаў з ЗША ў галіне зьмяншэньня ядзернай пагрозы.

Незалежны аналітык, заснавальнік дасьледчага праекту «Ядзерныя сілы Расеі», старшы навуковы супрацоўнік Інстытута ААН па дасьледаваньнях у галіне раззбраеньня Павал Подзьвіг адзначыў, што трэба падзяляць тэхнічную аргумэнтацыю расейскага боку і прэтэнзіі, выкладзеныя ў пададзеным у Думу законапраекце.

Павел Подзьвіг

«З вузкатэхнічнага пункту гледжаньня ў Расейскай Фэдэрацыі ёсьць пэўныя аргумэнты, што ЗША не да канца выконваюць тыя дамоўленасьці, якія існавалі з 2000 году, — адзначыў экспэрт. — ЗША спадзяваліся, што ім удасца зьмяніць пагадненьне, дамовіўшыся з расейцамі, каб іхняя праграма ўтылізацыі працавала згодна са сваімі абставінамі, а менавіта ў сувязі з тым, што амэрыканская праграма выйшла за межы першапачатковага бюджэту».

На думку Паўла Подзьвіга, выстаўленыя Расеяй умовы аднаўленьня дзеяньня пагадненьня нерэалістычныя:

«Цяжка ўявіць сабе, што ЗША пойдуць на тое, каб абмяняць працяг удзелу Расеі ў праграме ўтылізацыі плютонію на ўмовы, пералічаныя ў законапраекце».

Больш за тое, Подзьвіг ня бачыць практычных падставаў для таго, каб ЗША пайшлі насустрач Расеі.

Расея сама зацікаўленая ў выкананьні пагадненьня, таму што запасаў плютонію вельмі шмат, і іх прыйдзецца ліквідаваць — хоць бы з пункту гледжаньня бясьпекі матэрыялаў і іх абароненасьці ад усялякага роду пагроз, выкраданьняў і страт, падкрэсьліў Подзьвіг.

Экспэрт у галіне нераспаўсюду ядзернай зброі, прэзыдэнт Фонду Плаўшэр Джо Сырынсьёнэ адзначыў, што гэтая цяперашняя сытуацыя не азначае, што плютоній будзе выкарыстоўвацца для новай зброі, бо ніводзін бок у ёй ня мае патрэбы. Разам з тым падобнае разьвіцьцё падзей нэгатыўна адабʼецца на нераспаўсюджваньні ядзернай зброі ва ўсім сьвеце:

«Гэта апошняя няўдача ў глябальных намаганьнях па барацьбе з распаўсюдам ядзернай зброі і скарачэньня існуючых арсэналаў. Супрацоўніцтва Расеі і ЗША па ядзернай бясьпецы зайшло ў тупік», — кажа ён.