Раніцай 4 кастрычніка ў Слоніме ва ўзросьце 63 гадоў памёр вядомы доктар і грамадзкі дзяяч, былы дэпутат Слонімскага раённага савету Іван Шэга.
Паводле яго блізкага сябра Сяргея Чыгрына, у Івана Шэгі была анкалёгія, а сьмерць наступіла а 4-й гадзіне раніцы 4 кастрычніка.
Нарадзіўся Іван Шэга 25 сакавіка 1953 года ў вёсцы Валеўка Наваградзкага раёна, там жа скончыў школу, а затым мэдыцынскі інстытут у Менску. З 1980 года працаваў доктарам-траўматолягам у Слоніме.
У 2013 годзе Іван Шэга быў звольнены — на думку самога доктара, з палітычных прычынаў. Жыхары Слоніма зьбіралі подпісы за вяртаньне Івана Шэгі да лекарскай працы.
Пасьля таго, як на пэнсіі яму не працягнулі кантракт, стварыў недзяржаўную установу «Шэгамэдконсульт» і працягваў дапамагаць хворым людзям.
Быў адным з заснавальнікаў мясцовай суполкі БНФ, зьяўляўся сябрам Сойму Партыі БНФ, балятаваўся ў парлямант Беларусі.