Пра гэта паведаміў начальнік упраўленьня кантролю паліўна-энэргетычнага комплексу Фэдэральнай антыманапольнай службы Расеі Дзьмітрый Махонін.
«Магу адразу сказаць, што павышэньне, пра якое мы ведаем (у 1,5 раза), — яно, вядома, неймавернае, паколькі мы павінны разумець, што транзытны паток фактычна не зьмяніўся», — сказаў Махонін.
Расейскі бок таксама паведамляе, што ня мае афіцыйных матэрыялаў зь Беларусі пра тое, што цана зьмененая.
«З факту мы разумеем, што гэта так і ёсьць. А гэта азначае, што фактычна мы маем парушэньне ўсіх палажэньняў нашых дамоўленасьцяў міжурадавага пагадненьня і мэтодыкі, і гэта значыць, што мы ставім пад вялікае пытаньне легітымнасьць дадзенай працэдуры», — цытуе Махоніна «РИА Новости».
Раней дарадца прэзыдэнта карпарацыі «Транснефть» Ігар Дзёмін назваў парушэньнем пазаплянавае павышэньне Беларусьсю тарыфаў на транспартаваньне расейскай нафты.
Ён адзначыў, што пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі ад 28 верасьня сёлета тарыфы на транзыт расейскай нафты па тэрыторыі Беларусі былі павышаныя ў сярэднім на 50%. Гэтая пастанова набывае моц з 11 кастрычніка 2016 году.