Місія МАГАТЭ па комплексным разглядзе пытаньняў рэгуляваньня (IRRS-місія) пачала працаваць у Беларусі 2 кастрычніка. Групу з двух дзясяткаў экспэртаў узначаліў Генэральны дырэктар Фінскага агенцтва па ядзернай бясьпецы Пэтэры Тыйпана, паведамляе МНС Беларусі.
Цягам двух тыдняў , да 14 кастрычніка, місія разгледзіць розныя аспэкты рэгулятарскай дзейнасьці, правядзе інтэрвію з прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіраваньня і паднаглядных арганізацыяў, правядзе інспэкцыі на пляцоўцы будаўніцтва БелАЭС пад Астраўцом, у Інстытуце энэргетычных і ядзерных праблемаў у Соснах, у менскіх ЗАТ «Ізатопныя тэхналёгіі» і КУП «Экарэс», а таксама ў Рэспубліканскай клінічнай лякарні мэдыцынскай рэабілітацыі ў Менскім раёне.
Раней МАГАТЭ сьцьвярджала, што падчас узьвядзеньня АЭС небясьпекі для насельніцтва няма — да таго часу, пакуль у станцыю не загружана ядзернае паліва. Наогул жа, адказнасьць за кіраваньне прамысловай бясьпекай, радыяцыйнай бясьпекай і ахову АЭС ляжыць на беларускай дзяржаве, заяўляла прэс-служба МАГАТЭ.
За час будоўлі БелАЭС, паводле афіцыйных зьвестак, ужо было 10 інцыдэнтаў, загінулі 3 чалавекі. Намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк назваў гэтыя лічбы «прымальнымі». У ліку інцыдэнтаў было і падзеньне корпусу рэактара — яго прызналі толькі пасьля міжнароднага ціску, цяпер расейскі бок гатовы даць Беларусі новы корпус, а пашкоджаны скарыстаць дзе-небудзь яшчэ.