Арыштаванага ў Маскве ўкраінскага журналіста назвалі шпіёнам

Журналіст агенцтва «Укрінфарм» Раман Сушчанка

ФСБ Расеі заявіла, што Раман Сушчанка — кадравы супрацоўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны і мае званьне палкоўніка. Паводле заявы ФСБ Расеі, ён быў затрыманы «падчас правядзеньня шпіёнскай акцыі», мэтанакіравана зьбіраў зьвесткі пра дзейнасьць Узброеных сілаў і войскаў Нацыянальнай гвардыі Расеі, што зьяўляецца дзяржаўнай таямніцай. Уцечка гэтых зьвестак за мяжу магла ўчыніць шкоду абароназдольнасьці дзяржавы, заяўляе ФСБ. Крымінальная справа заведзеная паводле артыкулу «Шпіянаж».

Адвакат Сушчанкі Марк Фейгін абвяргае ягоную датычнасьць да шпіянажу: адвакат кажа, што журналіст працаваў у Парыжы як карэспандэнт агенцтва «Укрінфарм». Гэта ж сьцьвярджае сам «Укрінфарм»: з 2010 году Сушчанка быў карэспандэнтам у Францыі, а ў Маскву прыбыў у прыватных мэтах у час адпачынку.

Украіна запатрабавала неадкладнага вызваленьня затрыманага і адпаведнай рэакцыі ад АБСЭ, Рады Эўропы і іншых міжнародных структураў, паведаміла на Facebook першая віцэ-сьпікерка і прадстаўнік гуманітарнай групы Ўкраіны ў Менску Ірына Герашчанка.