За 2015 год у паветра над Менскам трапіла 146,5 тысяч тон забруджвальных рэчываў, паведамляе Менскі гарадзкі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя на старонках Minsknews.by.
З гэтага 20,3 тысячы тон далі стацыянарныя крыніцы забруджаньня (напрыклад, прадпрыемствы кшталту МТЗ, МАЗ і МЗКЦ, а таксама цеплаэлектрацэнтралі), астатнія 126,1 тысячы тон — рухомыя крыніцы (аўтатранспарт). У параўнаньні з 2014 годам выкіды ад аўто зьнізіліся на 21%, ад прадпрыемстваў — на 14% (тады аўто выкідалі крыху больш, чым летась аўто і прадпрыемствы разам).
Спэцыялісты сьцьвярджаюць, што важную ролю мае закупка прадпрыемствамі новага газаачышчальнага абсталяваньня, а таксама абнаўленьне аўтапарку (машынаў становіцца толькі болей, але выкіды зьмяншаюцца).
Беларусь займае трэцяе месца ў сьвеце паводле сьмяротнасьці ад забруджанага паветра
Агулам па Беларусі выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфэру расьлі да 2012 году, але потым спалі: паводле Белстату, у 2010 годзе ў атмасфэру было выкінута 1319 тысяч тон забруджвальных рэчываў, у 2011-м — 1315 тысяч тон, у 2012-м — 1389 тысяч тон, у 2013-м — 1374 тысячы тон, у 2014-м — 1344 тысячы тон, у 2015-м — 1259 тысяч тон. Такім чынам, Менск даў 11% забруджаньня паветра Беларусі.