У Вугоршчыне адбываецца рэфэрэндум у пытаньні аб прыёме мігрантаў. Грамадзянам прапанавана вырашыць, ці павінна краіна прыняць уцекачоў з Афрыкі і Блізкага Ўсходу паводле абавязковых квотаў Эўрапейскага Зьвязу.
Галасаваньне працягнецца да 7 гадзін вечара.
Паводле агенцтва Bloomberg, большасьць грамадзян нэгатыўна ставяцца да сыстэмы квотаў ад Брусэлю. Падтрымліваюць прыём мігрантаў ня больш за два адсоткі насельніцтва. Рэфэрэндум носіць кансультацыйны характар і не адменіць абавязаньняў Вугоршчыны перад Эўразьвязам, аднак Будапэшт зможа запатрабаваць унесьці зьмены ў галоўны дакумэнт абʼяднаньня — Лісабонскую дамову.
У мінулым годзе пасьля пачатку міграцыйнага крызісу Эўракамісія прапанавала разьмеркаваць прыежджых па краінах Эўразьвязу. Вугоршчына павінна прыняць амаль 1300 мігрантаў. Улады краіны апратэставалі квоты і абвясьцілі ўсенароднае галасаваньне.