Сямейны інклюзіўны тэатар «i», у склад якога ўваходзяць прафэсійныя акторы і дзеці з аўтызмам, адкрые сэзон 5 кастрычніка ў менскім Палацы культуры вэтэранаў зь беларускамоўным м'юзіылам «Флейта-чарадзейка». Затым м'юзыкал пакажуць ва ўсіх абласных цэнтрах, пачынаючы з Гомеля 8 кастрычніка. Разам з тым тэатар ужо рыхтуе новую пастаноўку.
Музычны дэтэктыў, як называюць «Флейту» ў тэатры, распавядзе пра двух дзяцей, якія прыехалі да дзядзькі ў вёску і апынуліся ў казачным сьвеце. Там яны выпраўляюцца на пошукі чароўнай флейты, каб уратаваць чароўны лес, але казачны сьвет аказваецца цесна пераплеценым з рэальным. Аўтар тэкстаў і лібрэта — Марыя Дземянкова.
М'юзыкал ставіць рэжысэр Тэатру юнага гледача Ігар Сідорчык, сцэнаграфіяй і дэкарацыямі займаецца Веніямін Маршак, касьцюмы робяцца пры ўдзеле кутур’е Яна Нядвецкага. Прадусар спэктаклю — заснавальнік Альтэрнатыўнага тэатру Леанід Дынэрштэйн. Спэктаклі ладзяцца пры ўдзеле дабрачыннай грамадзкай арганізацыі «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» і пры спонсарскай падтрымцы кампаніі velcom.
Прэм’ера спэктаклю прайшла ў траўні. Як распавядала тады мастацкая кіраўніца «і» Ірына Пушкарова, м'юзыкал быў створаны ў рэкордна кароткі час — за два месяцы. Усяго ў трупе тэатру каля 100 чалавек, 15% зь іх маюць парушэньні аўтычнага спэктру (удзельнікі тэатру заяўляюць, што глядач ніколі не адгадае, хто з актораў на сцэне іх мае). У спэктаклі на сцэне граюць 36 артыстаў, адначасова зь імі працуюць псыхолягі і тутары.