Карбалевіч: Суд у Магілёве заняўся справай мясцовага жыхара, грамадзкага актывіста Станіслава Паўлінковіча. Яго абвінавачваюць у тым, што ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» ён зрабіў рэпост паведамленьня Мікалая Статкевіча з заклікам на акцыю «Патрабуем сапраўдных выбараў» 12 верасьня ў Менску. Нібыта ён парушыў артыкул Адміністратыўнага кодэксу аб парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Гэты артыкул прадугледжвае пакараньне штрафам або адміністрацыйным арыштам. Пакуль суд адаслаў справу на дапрацоўку ў РАУС.
Выпадак Паўлінковіча — першы вядомы судовы разгляд за «палітычны рэпост» у Беларусі. Раней у Беларусі судзілі толькі за рэпосты парнаграфіі.
Тут варта зьвярнуць увагу на некалькі рэчаў. Улады, асабліва беларускія спэцслужбы, уважліва адсочваюць сацыяльныя сеткі. Бо разумеюць ролю інтэрнэту. «Вялікі брат» за ўсім сочыць.
Таксама з досьведу іншых краін добра вядома, што сацыяльныя сеткі — інструмэнт мабілізацыі людзей на вулічныя пратэсты. Менавіта заклікі ў сацыяльных сетках спрычыніліся да масавых акцыяў пратэсту ў шэрагу краінаў, напрыклад, у Малдове, у Эгіпце. Зьявіўся нават такі тэрмін — «твітэрная рэвалюцыя». Кіеўскі Майдан 2013–2014 гадоў пачаўся заклікам журналіста Мустафы Найема ў сацыяльных сетках — выйсьці на пратэст супраць адмовы прэзыдэнта Януковіча падпісаць дамову аб асацыяцыі з ЭЗ.
Беларусь мае свой досьвед. У 2011 годзе ў Беларусі прайшлі так званыя «маўклівыя акцыі», якія тады называліся «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку».
У Беларусі распаўсюд інтэрнэту, сацыяльных сетак даволі вялікі. Паводле сакавіцкага апытаньня НІСЭПД, 57% насельніцтва карыстаецца інтэрнэтам штодзённа ці некалькі разоў на тыдзень, 39% карыстаюцца сеткай «Укантакце». Нагадаю, што менавіта там зрабіў рэпост Станіслаў Паўлінковіч. У межах нашага рэгіёну Беларусь нават апярэджвае некаторыя краіны па гэтым паказчыку.
Улады разумеюць усю небясьпеку сацыяльных сетак як сродку мабілізацыі незадаволеных. Асабліва гэта небясьпечна ва ўмовах сацыяльнага крызісу. Таму і робяць прэвэнтыўныя захады, спрабуюць запужаць, стварыць прэцэдэнт. І ў залежнасьці ад адчуваньня небясьпекі будуць пашыраць ці звужаць практыку прыцягненьня да адказнасьці.
Глод: Найперш адзначу важнасьць сацыяльных сетак. Нагадаю, што ў Будапэшце пару гадоў таму была нават падпісаная сумесная дэклярацыя краінаў АБСЭ «Аб свабодзе выказваньня думак і доступе да інтэрнэту». Беларусь таксама чалец АБСЭ і бярэ ў сувязі з гэтым на сябе пэўныя абавязаньні. І вось тады прадстаўніца АБСЭ ў пытаньні свабоды СМІ Дуня Міятавіч гаварыла, што ў 21 стагодзьдзі доступ да інтэрнэту — аснова існаваньня плюралізму. З гэтай прычыны дзяржаўнаму рэгуляваньню, якое перашкаджае доступу да інтэрнэту, ня можа быць апраўданьня. Інтэрнэт дае беспрэцэдэнтныя магчымасьці для пашырэньня свабоды выказваньняў, меркаваньняў, плюралізму, гэта адзін з найважнейшых элемэнтаў пабудовы і ўмацаваньня дэмакратыі.
Тэхналёгіі скарацілі дыстанцыю паміж людзьмі, зрабілі яе, як цяпер кажуць, роўнай аднаму кліку. Беларуская дэмакратычная супольнасьць фактычна пазбаўленая магчымасьці выказвацца ў афіцыйных мэдыях. А калі такой магчымасьці няма, то трэба шукаць нешта іншае, і такое іншае — менавіта сацыяльныя сеткі. Вось там і адбываюцца такія знакавыя падзеі.
Але я тут вельмі згодны са спадаром Карбалевічам, які правільна заўважыў, што ўлады разумеюць усю небясьпеку сацыяльных сетак як сродку мабілізацыі незадаволеных. Прыводзіліся прыклады краін, дзе гэтая сытуацыя спрацоўвала, згадваўся ня вельмі ўдалы, але ўсё ж досьвед і беларускага інтэрнэту. Адкідваць інтэрнэт цяпер проста не выпадае, тым больш што статыстыка паказвае яго вялікую ролю. Таму, улічваючы той сацыяльны крызіс, які ў краіне нарастае, улады і робяць прэвэнтыўныя захады, спрабуюць запужаць людзей і стварыць новыя прэцэдэнты.
Чаму менавіта цяпер пачалася гэтая гісторыя? Я думаю, што гэта зьвязана з тым, што парлямэнцкія выбары ў Беларусі скончаныя, пэўны адрэзак адноснай дэмакратыі скончыўся, і цяпер улада, калі яна раней устрымлівалася ад такіх рэзкіх рухаў, мае разьвязаныя рукі і можа дазволіць сабе і такія захады.
Мне падаецца, што ўсё ж гэта сур’ёзная зьява, бо калі такі прэцэдэнт будзе створаны, калі чалавек, які рэпаставаў паведамленьне і заклік Міколы Статкевіча, будзе асуджаны, то гэта, канечне, будзе вялікая пагроза, і людзі, якія хацелі б далей актыўна паводзіць сябе ў сацыяльных сетках, пасьля гэтага выпадку будуць думаць, а ці трэба ім так рабіць.
Ільяш: Мне здаецца, што ў дадзенай праблеме ёсьць два прынцыповыя складнікі.
Па-першае, сёньня ёсьць нейкая абсалютна новая праблема, выклік часу — стаўленьне праваахоўных органаў да таго, што людзі пішуць у сацыяльных сетках. У апошнія гады ў Беларусі мы былі сьведкамі сэрыі крымінальных спраў і прысудаў па іх у дачыненьні да людзей, якія перапосьцілі «Ўкантакце» парнаграфічныя ролікі. Больш за тое, усім вядомы і выпадак у Расеі, калі ўжо за палітычны рэпост судзілі беларуса Кірыла Сілівончыка — там быў пост з заклікамі да гвалту. То бок безадносна да таго, як мы гэта ўсё ацэньваем, мы маем справу ўсё ж зь відавочнай тэндэнцыяй: інтэрнэт усё больш становіцца не віртуальным сьветам, а рэальным, на які распаўсюджваюцца тыя ж агульнадзяржаўныя законы і правапрыменяльная практыка без усялякіх агаворак (няхай гэтыя законы і гэтая практыка не заўсёды дасканалыя). У гэтым сэнсе я ня сумняюся, што рэпосты ў сацыяльных сетках (рэпосты рознага кшталту) яшчэ неаднойчы стануць падставай для судовага перасьледу. Гэта, зноў жа, безадносна да таго, як гэта ацэньваць.
Па-другое, я думаю, што выпадак Станіслава Паўлінковіча ўсё ж у пэўным сэнсе выключны. Відаць, асобныя праваахоўнікі вырашылі праявіць тут празьмерную стараннасьць і трохі выслужыцца. Менавіта такога кшталту рэпосты наўрад ці стануць перасьледавацца ў масавым парадку.
Я думаю, што інтэрнэт — гэта такі бязьмежны акіян, які беларускім праваахоўнікам ніяк не ахапіць, пры ўсім жаданьні. Калі пачаць судзіць за кожны палітычны допіс, то нічым больш ні суды, ні міліцыя ў Беларусі проста ўжо ня змогуць займацца — фізычна ня хопіць сіл і часу. Акрамя таго, гэта абсалютна непатрэбна. Ужо так усталявалася, што інтэрнэт, і сацыяльныя сеткі ў прыватнасьці, — гэта цудоўнае месца, дзе беларускае грамадзтва можа выпусьціць пару. Ужо шмат хто заўважаў, што палітычнае жыцьцё ў краіне даўно перамясьцілася ў віртуальную прастору, існуе там абсалютна бяскрыўдна, і гэта, безумоўна, выгадна ўладам.
Зь іншага боку, няма сумневаў і ў тым, што патэнцыйна сацыяльныя сеткі могуць стаць вялікай небясьпекай для ўладаў любой краіны — гэта сапраўды сродак мабілізацыі незадаволеных. Калі ўлады пабачаць, што незадаволеныя насамрэч гатовыя да рэальнай і поўнамаштабнай мабілізацыі, тады інтэрнэт-прастора апынецца пад моцным ударам спэцслужбаў. Але пакуль такой небясьпекі відавочна няма.
Карбалевіч: Сацыяльныя сеткі ў палітычным сэнсе выконваюць некалькі роляў, у тым ліку гэта сродак выпускаць пару. Усе тыя жарсьці, які маглі б ісьці дзесьці на Плошчы, перамяшчаюцца ў інтэрнэт. Людзі выкажуць усё, што думаюць пра ўладу, і лічаць свой грамадзянскі абавязак выкананым. У прынцыпе, гэта даволі выгадна ўладзе.
Але, зь іншага боку, ва ўмовах крызісу, калі апазыцыя рыхтуе нейкія акцыі, то сацыяльныя сеткі могуць выступіць сапраўды мэханізмам мабілізацыі. Менавіта вось гэтага і баяцца ўлады. Сапраўды пытаньне, ці будзе гэта насіць масавы характар. Я думаю, што і ня трэба ў вельмі масавым парадку прыцягваць да адказнасьці людзей, дастаткова стварыць нейкі прэцэдэнт, пакараць некалькі чалавек — астатнія будуць баяцца. Гэта будзе вісець як дамоклаў меч, які ня кожны раз падае. Гэта тая сытуацыя, калі пагроза мацнейшая за выкананьне.
Глод: А можа, будзе і нейкі іншы, адваротны эфэкт — скажам, калі вось гэты суд адбудзецца, калі вось будзе вынесены прысуд, пра гэта, канечне, будуць многа пісаць, гаварыць, і самае галоўнае, што ўсё гэта трапіць у сацыяльныя сеткі. І можа атрымацца так, што такі суд стане ня сродкам запужваньня, а нейкім стымулам для таго, каб працягваць гэтую працу. Сёньня ў Магілёве, а заўтра ў Гомелі — людзям таксама захочацца гаварыць, што так нельга, што з гэтым трэба змагацца. Можа, улады, разьлічваючы вось на такі часовы эфэкт гэтай апэрацыі, не зусім пралічылі тое, што можа адбыцца ў больш далёкай пэрспэктыве.
Карбалевіч: Да таго ж гэта супярэчыць палітыцы нібыта лібэралізацыі, якая цяпер разьвіваецца ў Беларусі, асабліва ў рамках адносін з Захадам. Таму тут таксама перагінаць кій уладам будзе ня так проста.
Глод: Тым больш што ў кастрычніку чакаецца падпісаньне рамачнай дамовы паміж Беларусьсю і Эўразьвязам па новым праекце, так званай мабільнай праграме Эўразьвязу адносна Беларусі. І, канечне, пры падпісаньні гэтай праграмы, улічваючы ролю інтэрнэту і сацсетак, гэтае пытаньне проста так пакінуць без увагі будзе немагчыма. І наўрад ці беларускім уладам, калі застаецца месяц да падпісаньня такога важнага дакумэнту, патрэбны такі вось гучны працэс. Я чуў, што гэтая справа накіраваная на далейшае дасьледаваньне. Магчыма, гэта зацягнецца і ні ўва што ня выльецца.
Ільяш: Беларускія праваахоўныя органы час ад часу так экспэрымэнтуюць са сваім стаўленьнем да інтэрнэту і сацыяльных сетак. 2-3 гады таму быў шэраг выпадкаў, калі судзілі фактычна за фатаграфіі ў сацыяльных сетках. Людзі фатаграфаваліся ў якасьці флэш-мобу зь нейкімі плякатамі, а гэта станавілася падставай для таго, каб асудзіць іх за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Прынамсі, з таго часу больш такіх выпадкаў і не было. Магчыма, у выпадку з Паўлінковічам гэта таксама будзе такі экспэрымэнт, які потым проста ўсе забудуць.