Мяне ўразіла пазаўчорашняя заява міністра замежных справаў Нямеччыны Франка-Вальтэра Штайнмаера да гадавіны масавых расстрэлаў у Бабіным Яры. Прывяду яе пераклад цалкам:
«У гэтыя дні спаўняецца 75 гадоў з дня масакры ў Бабіным Яры.
Ва ўрочышчы Бабін Яр нямецкія акупанты Кіева празь некалькі месяцаў пасьля нападу на Савецкі Саюз забілі вялікую частку габрэяў, што пражывалі ў горадзе.
Тут, у Бабіным Яры, за 48 гадзінаў жорсткім чынам былі забітыя больш за трыццаць тры тысячы бязьвінных дзяцей, жанчынаў і мужчынаў.
Тут, у Бабіным Яры, быў пакладзены жахлівы пачатак Галакосту, вынішчальнаму паходу супраць габрэяў Эўропы.
Тут, у Бабіным Яры, да канца нямецкай акупацыі ў 1943 годзе былі забітыя дзясяткі тысячаў ваеннапалонных і цывільных асобаў^; тут украінцы, расейцы, беларусы і многія іншыя былі пазбаўленыя жыцьця.
Бабін Яр сымбалізуе ўсе пакуты, несправядлівасьць і барбарства, якія прынес Эўропе нацыянал-сацыялізм.
Мы зь вялікай пакорай схіляемся перад ахвярамі жахлівых учынкаў, якія былі зробленыя ў імя Нямеччыны, і мы ўдзячныя за тое, што зь людзьмі Ўкраіны нас сёньня зьвязвае сяброўства.»
Заява нямецкага міністра ляканічная і трапная: гэта былі жахлівыя злачынствы, якія былі зробленыя нашай дзяржавай ад імя і ў імя нашага народу. Мы ўдзячныя, што змаглі пераадолець варажнечу з нашчадкамі ахвяраў. Ніякага адмаўленьня, ніякага самаапраўданьня, ніякага перакладаньня адказнасьці на хаўрусьнікаў і ніякіх спасылак на тое, якую шкоду нанёс рэжым нацыянал-сацыялістаў самой Нямеччыне і немцам.
Немагчыма сабе ўявіць, каб Сяргей Лаўроў зрабіў такую заяву ў Курапатах ці ў двары менскай «Амэрыканкі».
Немагчыма сабе ўявіць, каб міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў зрабіў такую заяву ў Курапатах ці ў двары менскай «Амэрыканкі». У цяперашні час нават цяжка сабе прадставіць, каб такую прамову як Штайнмаер зрабіў дырэктар ФСБ на Бутаўскім палігоне пад Масквою ці ў Салавецкім манастыры.
Нават наадварот: ФСБ у хуткім часе будзе ператворанае ў новую структуру пад гучнай назваю «Міністэрства Дзяржаўнай Бясьпекі», скарочана па-расейску МГБ. Не, ну а што, гэта ж проста абрэвіятура. Як Gestapo — скарот ад Geheime Staatspolizei, «Дзяржаўная тайная паліцыя», а Stasi — ад Staatssicherheit, «Дзяржаўная бясьпека».
Нават некаторыя папулярныя расейскія дэмакратычныя журналісты й палітыкі — тыя, што зь лёгкім нацыяналістычным налётам, як Алег Кашын ці Аляксей Навальны — гэтаксама адмаўляюцца прызнаваць за сваёй дзяржавай віну за савецкія злачынствы. Лёгіка прыкладна такая — «А вось Сталін быў грузін, таму хай грузіны каюцца.» «А вось мае асабіста продкі нікога не расстрэльвалі, таму я не павінен каяцца.» «А вось расейцаў пацярпела ад савецкага рэжыму яшчэ больш, чым беларусаў/балтаў/украінцаў.»
Ганарыцца перамогай 1945 году ці першым палётам у космас, або нават разважаць пра тое, якім будзе Крым у складзе будучай дэмакратычнай Расеі (так!) — гэта прыемна і не вымагае вялікага розуму або маральных якасьцяў.
Каб любіць радзіму і разам з тым прымаць яе гісторыю такой, якая ёсьць — для гэтага патрэбныя асаблівыя моц і сьпеласьць.
А каб любіць радзіму і разам з тым прымаць яе гісторыю такой, якая ёсьць — у тым ліку ўсьведамляць адказнасьць тваёй дзяржавы і тваёй нацыі за тэрор і забойства соцень тысяч людзей — для гэтага патрэбныя асаблівыя моц і сьпеласьць. Немцы гэта маюць. Расейцы — на жаль, ня маюць.
Сярод расейцаў цяпер чым далей, тым толькі больш паглыбляецца раскол паміж шырокімі масамі, якія хочуць бачыць у гісторыі Расеі толькі добрае, і меншасьцю, якая наадварот усё больш жадае перастаць асацыяваць сябе з гэтай краінай. Гэта вельмі дрэнна для Расеі і ня толькі для яе.
Зразумела, што час, калі твая дзяржава працягвае рабіць міжнародныя злачынствы ад імя цябе і твайго народу, гэта, напэўна, не найбольш спрыяльны час, каб вучыцца ад мінуўшчыны. Час для гэтага прыйдзе потым. Пытаньне толькі ў тым, за што яшчэ ў сваёй гісторыі пачатку 21-га стагодзьдзя будучым расейцам давядзецца саромецца перад суседзямі і сьветам — акрамя вайны ў Данбасе, зьбіцьця MH-17, анэксіі Крыму, вайны ў Паўднёвай Асэтыі або пакрываньня рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.