Яна грае на сямі музычных інстумэнтах, у тым ліку на дудзе, піша вершы і музыку, выконвае ўласныя песьні, пераплятае старыя кнігі, зьяўляецца тварам мадэльнай агенцыі. Госьцяй перадачы — мастачка «шырокага профілю» Кацярына Ваданосава.
— Кацярына, ці не ўпершыню госьцем «Вольнай студыі» творца, які мне падабаецца ва ўсіх сваіх амплюа. Усё, што вы робіце, пазначана пячаткай таленту. Але першае пытаньне не пра творчасьць. Вось часам прыгожыя маладзіцы становяцца як бы закладніцамі сваёй прыгажосьці і мусяць ёй слугаваць, адсоўваючы на другі плян усё астатняе. Вось і пра вас на афішах пішуць: «Неверагодна таленавітая прыгажуня з чароўным голасам». Вас гэта не бянтэжыць?
— Заўсёды бянтэжыць — праўду кажу. Хоць мне, як і любой жанчыне, падабаецца, калі мне кажуць, што я прыгожая ці сымпатычная. Вось і цяпер мне было прыемна, што вы так прыгожа мяне прадставілі. Горш, калі мяне ацэньваюць толькі з боку зьнешнасьці. Бывалі выпадкі, калі я выходзіла на сцэну ў тых асяродках, дзе мяне ня ведалі, і я разумела, што ў зале думаюць: ну, выйшла дзяўчына на абцасах, зараз засьпявае нешта страшна папсовае. Але калі я пачынаю сьпяваць свае песьні, то ў людзей здараецца такі кагнітыўны дысананс, яны ня ведаюць, што рабіць. І гэта таксама мяне бянтэжыць, бо бывае няпроста растлумачыць людзям, што песьні, якія я сьпяваю, напісаныя мной. Ня нейкі дзядзька іх для мяне напісаў, а я сама бяссоннымі начамі раблю іх — уласнаручна і ўласнагалоўна. Што тычыцца маіх (такіх розных) амплюа, то самай блізкае мне мастацтва — музыка. Калі ў мяне пытаюцца, хто я, я ў першую чаргу кажу: музыкант. Хоць астатнія, пералічаныя вамі галіны маёй дзейнасьці таксама мне вельмі блізкія. Я атаясамліваю іх з сабой. Я і шавец, і жнец, і на дудзе грэц.
— Жанчыну-дудара я бачу перад сабой упершыню. Стагодзьдзямі лічылася, што граць на дудзе — гэта мужчынскі занятак.
— Сапраўды, дударства — традыцыйна мужчынскі занятак, таму я і не выходжу з дудою на сцэну. Калісьці выходзіла, на пачатку сваёй музычнай дзейнасьці. Пакуль мне так ветліва не сказалі: «Ну куды ты прэсься з дудою, Каця?! Сядзі ды грай на дудачцы». Таму на дудзе я граю толькі для сяброў — на лецішчы, на агародзе. Там перада мной — прастора, ёй і граю.
— Граць на дудзе, апрача ўсяго, і фізычна цяжка.
— Так, сапраўды фізычна цяжка. Але дуда не ідзе ні ў якое параўнаньне, напрыклад, з армянскім дудукам, на які ў мяне проста не хапае маіх жаночых лёгкіх. Ведаеце, мультыінструмэнталіст — гэта чалавек, які ня ўмее дасканала граць ні на адным інструмэнце. Таму віртуознага выкананьня ад мяне чакаць, напэўна, ня трэба. Я найперш вакаліст.
— Вы аўтарка многіх лірычных вершаў, якія далёка ня ўсе становяцца песьнямі. І раптам — песьня «Дзікае паляваньне», ад якой страшнавата робіцца. Гэта на вас так Уладзімер Караткевіч паўплываў?
— З гэтай песьняй у мяне шмат што зьвязана. Часта людзі, якія чуюць «Дзікае паляваньне» ўпершыню, просяць: «А засьпявайце нам яшчэ што-небудзь на вершы Караткевіча». І даводзіцца тлумачыць, што песьня не на верш Караткевіча, а на словы Каці Ваданосавай. Насамрэч «Дзікае паляваньне» для мяне як для гісторыка і рэлігіязнаўцы (такая мая ўнівэрсытэцкая спэцыяльнасьць) — гэта глыбінны і архэтыпічны вобраз. Гэта вельмі старадаўні міталягічны сюжэт, які характэрны для многіх індаэўрапейскіх народаў — і для кельтаў, і для славянаў. І песьня напісалася паводле мітаў пра шалёнае паляваньне, якое зьмятае ўсё на сваім шляху, якое зьяўляецца сымбалем пэўнай дзяржаўнасьці.
— Хоць Караткевіч і ня быў вашым суаўтарам, але ўсё роўна прыходзіць на памяць яго «Дзікае паляваньне караля Стаха». Маёнтак Балотныя Яліны, дзе ўсе запалоханыя да бяспамяцтва, — як вамі прачытваецца гэты караткевічаўскі вобраз?
Балота заўсёды таямнічае, нездарма старажытныя кельты праводзілі свае ахвяраўскладаньні ў балоце.
— Тут я трошкі раскажу пра свае ўласныя душэўныя перажываньні. Мне часта сьніцца адзін і той самы сон, зьвязаны з балотам, з багнай. У гэтым сьне мне бачыцца закінуты вялікі дом, амаль палац, які знаходзіцца пасярод балота. Я іду да яго і не магу знайсьці дарогу сярод багны. Потым усё ж трапляю ў той дом, блукаю па яго залях... Таму для мяне вобраз маёнтка пасярод балота — нешта, што сядзіць глыбока ўва мне. Гэта ўвасабленьне ня тое што радзімы (я не магу параўноўваць радзіму з балотам), гэта праява яе цёмнага боку, які таксама вельмі прыцягальны. Балота заўсёды таямнічае, нездарма старажытныя кельты праводзілі свае ахвяраўскладаньні ў балоце. Гэта і не вада, і не зямля, гэта нешта іншасьветнае.
— Вы працуеце ў Літаратурным музэі Янкі Купалы. Мой улюбёны купалаўскі твор — паэма «Курган». А для вас Купала — гэта найперш што?
У Купалы ёсьць творы, якія ўзбагачаюць душу такімі пачуцьцямі, ад якіх потым немагчыма ўздыхнуць.
— Гэта найперш сродак майго існаваньня, бо я атрымліваю заробак за тое, што нешта ведаю пра Купалу і праводжу экскурсіі. Жартую. А калі сур’ёзна... Мне пакуль цяжка асэнсаваць, наколькі Янка Купала — велічная постаць, і якую найбагацейшую спадчыну ён нам пакінуў. На жаль, часта мы забываемся на гэтую спадчыну. Напрыклад, што ведаюць пра Купалу сучасныя школьнікі? Тое, што ён пісаў пра родную зямельку занядбаную, пра селяніна з касою. А насамрэч Купала — гэта цэлы сьвет. У яго ёсьць усё, як напрыклад, у Пушкіна, — і высокае, і нізкае, і сьмешнае, і трагічнае. У Купалы ёсьць творы, якія ўзбагачаюць душу такімі пачуцьцямі, ад якіх потым немагчыма ўздыхнуць. Скажам, я вельмі люблю маленькі верш, які называецца «Сьнілася дзяўчыне», — прысьвячэньне Паўліне Мядзёлцы. Купала ў ім настолькі прадбачыў далейшае жыцьцё гэтай жанчыны, што сапраўды яго тут можна акрэсьліць як прарока.
— У сеціве мільгаюць фатаздымкі — вы то ў вобразе русалкі, то ў вобразе Мерыды — гераіні дысьнееўскіх мультфільмаў. Вы самі выбіраеце, у каго пераўвасобіцца, ці гэта вас так бачаць фотамайстры?
— Бывае па-рознаму, але часьцей выбіраю я. Зьяўляючыся фотамадэльлю адной з агенцый, я не магу сказаць, што гэтая праца мне падабаецца. Але мне падабаецца хоць на фотаздымках быць тым, кім я ёсьць насамрэч. Як я хаджу па горадзе, шпацырую зь дзіцячым вазочкам, гуляю са сваімі дзецьмі ў пясочніцы — ну каму гэта цікава? А на фотасэсіях я магу быць сабой, сапраўднай. Звычайна атрымліваецца так: я прыходжу, прыношу ўсе свае манаткі, пераапранаюся і кажу: «Так, мы будзем здымацца ў гэтай чорнай багне. Зараз я ў яе залезу і буду там валяцца ў халоднай вадзе цягам трох гадзінаў, а вы мяне здымайце!». І фатографы моўчкі здымаюць. Потым пытаюцца: а ты не замёрзла? А я ў гэты час перажыла такі выбух адрэналіну, што мне зусім ня холадна. Я ведаю, што мой пэўны архэтыпчык зараз зьдзяйсьняецца, і гэта вельмі клясна.
— Вы яшчэ і старыя кнігі пераплятаеце. І робіце гэта так, што вас узяў бы ў супольнікі сам Францішак Скарына. Вы маглі б прапанаваць яму што-небудзь крэатыўненькае?
Пра рэканструкцыю старых кніг я магу гаварыць бясконца, пераплётны варштат у мяне нават у спальні стаіць!
— Я лічу, што Біблія Скарыны — гэта вяршыня крэатыву. Там усё дарэчнае і выкшталцонае, амаль недасягальнае для сучасных пераплётчыкаў, таму я нічога яму не прапаноўвала б. Але так, я пераплятаю кнігі, і гэта мне вельмі падабаецца. Я люблю рэканструяваць старыя кнігі, ведаю асаблівасьці розных старадаўніх пераплётаў — гатычных, францускіх, эпохі Адраджэньня. Мне страшэнна падабаецца рабіць гэтыя рэчы, а потым тлумачыць, як сшываюцца старонкі, як яны потым укладваюцца ў пераплётныя дошкі, як яны замацоўваюцца, як абцягваюцца скурай, які дэкор потым робіцца на скуры. Пра рэканструкцыю старых кніг я магу гаварыць бясконца, пераплётны варштат у мяне нават у спальні стаіць!
— А самі вы любіце «трапляць у пераплёт»?
— Розныя прыгоды мяне ўзбуджаюць. На пэўны час гэта дае мне штуршок, рухае мяне да новых зьдзяйсьненьняў.
***
Кацярына Ваданосава нарадзілася ў 1986 г. у Менску. Скончыла Пэдагагічны ўнівэрсытэт імя Максіма Танка па спэцыяльнасьці «Гісторыя. Рэлігіязнаўства». Працуе ў Дзяржаўным літаратурным музэі Янкі Купалы. Займаецца сольнай і ансамблевай дзейнасьцю. Лідарка гурту «Alta mente» («У глыбіні душы»). Ляўрэатка фэстываляў «Культурная эвалюцыя» (Бабруйск, 2009), «Бардаўская восень» (Беласточчына, 2009), «OPPA» (Варшава, 2009) ды інш. Арганізатарка фэстывалю аўтарскай песьні «Купалаўскія вакацыі».