Трагедыя Бабінага Яру: «Сказана яшчэ далёка ня ўсё»
Нацыстоўскі вартавыў Кіеве, 19 верасьня 1941 году. У чэрвені таго году, пасьля двух гадоў дзеяньня дамовы аб ненападзе паміж Нямеччынай і Савецкім Саюзам, войскі нацыстаў нечакана напалі на СССР. На працягу некалькіх тыдняў нацысты захапілі ўсход Польшчы і іншыя акупаваныя Савецкім Саюзам тэрыторыі, а таксама большую частку Ўкраінскай ССР і іншыя тэрыторыі савецкіх рэспублік.
Натоўп здзекуецца з габрэя каля бюста Леніна на захадзе Ўкраіны. Пасьля акупацыі нацыстоўскія войскі адкрылі турмы савецкіх спэцслужбаў. Злачынствы сталінізму сталі вядомыя, і іх выкарыстоўвалі нацыстоўскія прапагандысты, каб распаліць антысэмітызм, робячы ўпор на габрэйскім паходжаньні часткі тагачасных савецкіх кіраўнікоў.
Нацыстоўскі прапагандысцкі плякат заклікае: «Сьмерць жыдоўска-бальшавіцкай заразе забойства!» Украінцы гінулі ня толькі пры пакараньнях сьмерцю ад рук савецкіх спэцслужбаў – мільёны ўкраінцаў загінулі ў выніку сталінскага Галадамору. Нацыстоўская прапаганда, атаясамліваючы габрэяў з савецкім рэжымам, зрабіла свой уплыў на частку ўкраінскага нацыяналістычнага руху ў рэгіёне, дзе і раней здараліся выпадкі антысэміцкага гвалту.
Габрэйка ўцякае ад натоўпу ў Львове, горадзе, які ў міжваенны час быў польскім, затым акупаваны СССР і ў канцы нацыстамі, фота чэрвеня або ліпеня 1941 году. Пры актыўным заахвочваньні нацыстаў габрэі савецкай Украіны і іншых акупаваных тэрыторый зазналі сапраўдныя жахі. Тысячы з іх былі закатаваныя і забітыя ў ходзе пагромаў, учыненых у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.
У Кіеве спрацавалі выбуховыя зарады, закладзеныя пры адступленьні савецкімі войскамі, загінулі некалькі нацыстаў. Чалавек, які перажыў Бабін Яр, успамінае: «Вядома, у гэтым абвінавацілі габрэяў. Нас заўсёды ва ўсім вінавацяць». 26 верасьня, толькі праз тыдзень пасьля захопу Кіева, нацысты выдалі гэты загад.
На патрабаваньне загаду, які быў выдадзены на ўкраінскай, расейскай і нямецкай мовах, каля 30 000 яўрэяў з Кіева і навакольля прыбылі 29 верасьня ў некалькі месцаў у цэнтры гораду. Адтуль іх пагналі пешшу на паўночны захад на тагачасны ўскраек гораду, ва ўрочышча Бабін Яр. Некаторыя людзі, набліжаючыся да чыгуначнай станцыі непадалёк, лічылі, што іх дэпартуюць у Палестыну.
Пасьля двух гадоў нэўтралітэту паміж нацыстоўскай Нямеччынай і СССР, ва ўмовах строга кантраляванай інфармацыі ў савецкіх СМІ, кіеўскія габрэі не ўсьведамлялі небясьпекі.
Адзін зь нямецкіх вайскоўцаў успамінаў, што савецкія габрэі былі «на дзіва дрэнна дасьведчаныя аб нашым стаўленьні да іх».
Некаторыя зь дзяцей, якія сталі ахвярамі забойства ў Бабіным Яры. Зьлева направа: Ганна Глінбэрг, Мальвіна і Паліна Бабат, Вэлвэлэ-Валянцін Пінкерт. Адна з тых, што выжылі, успамінала празь дзесяцігодзьдзі гэтак жа расстрэльвалі і негабрэяў, якія ішлі разьвітацца са сваімі габрэйскімі суседзямі перад «дэпартацыяй» і зайшлі занадта блізка да рову.
Савецкія ваеннапалонныя ў яры пасьля расстрэлаў. Бабін Яр нацысты выкарыстоўвалі як месца для пакараньняў сьмерцю для савецкіх ваеннапалонных, цыган і іншых «непажаданых».
Больш чым праз тры дзесяцігодзьдзі пасьля вайны падзеі Бабінага Яру ўсё яшчэ ня мелі дастатковага афіцыйнага прызнаньня, хоць яшчэ ў 1960-х габрэйскія актывісты пачалі зьбірацца там без дазволу ўладаў, каб ня страціць памяць аб трагедыі. У 1976 пабудавалі гэты мэмарыял памяці ўсіх ахвяраў нацыстоўскага рэжыму, якія загінулі там. Але асобнай згадкі пра габрэяў, якіх загінула больш, у ім не было - цэнтральнай фігурай стаў савецкі салдат.
9 траўня 1985 у Кіеве сьвяткавалі гадавіну перамогі над нацызмам. Улада савецкай Украіны разглядала падзеі ў Бабіным Яры праз прызму «пакут усяго савецкага народа» за часы нацыстоўскай акупацыі.
Толькі праз паўстагодзьдзя пасьля трагедыі, пасьля таго, як Украіна здабыла незалежнасьць ад СССР у 1991 годзе, на месцы тых падзей ўзьвялі асобны мэмарыял, прысьвечаны габрэйскім ахвярам. На адкрыцьцё помніка ў выглядзе мэноры сабраліся сотні людзей.
А сам Бабін Яр сёньня - гэта ціхі парк, дзе пры добрым надвор'і гуляюць пад дрэвамі парачкі або катаюцца раварысты.
«Ёсьць рэчы, ёсьць трагедыі, перад бязьмернасьцю якіх любое слова бясьсільна і пра якія больш скажа маўчаньне - вялікае маўчаньне тысяч чалавек. Можа, і нам варта было б тут абысьціся бяз словаў і моўчкі думаць пра адно. Аднак маўчаньне шмат кажа толькі там, дзе ўсё, што можна сказаць, ужо сказана. Калі ж сказана яшчэ далёка ня ўсё, калі яшчэ нічога не сказана - тады маўчаньне становіцца саўдзельнікам хлусьні і несвабоды. Таму мы кажам, і павінны гаварыць, дзе можна і дзе нельга, выкарыстоўваючы любую з магчымасьцяў, якія трапляюцца нам так рэдка».
- З выступу пісьменьніка Івана Дзюбы ў Бабіным Яры 1966