Трайны ўдар — тры пытаньні для трох аналітыкаў. Удзельнікі: Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.
Глод: На 1 верасьня 2016 году ў Беларусі дзейнічалі 251 300 індывідуальных прадпрымальнікаў. Іх колькасьць няўхільна падае па ўсіх рэгіёнах, максымуму падзеньня яна дасягнула ў Віцебскай вобласьці. За год прадпрымальнікаў тут паменела на 8,8%, а ўсяго ў Беларусі — на 3,6%.
Чаму і куды сыходзяць прадпрымальнікі? Заўважана, што найперш яны пакідаюць сфэру дробнага розьнічнага гандлю.
«Для згортваньня дзейнасьці тут існуюць некалькі прычын», — кажа старшыня Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін.
Па-першае, прадпрымальнікі больш ня могуць працаваць у льготных умовах, як гэта дазвалялася да прыняцьця «знакамітага» ўказу № 222.
Па-другое, на юрыдычныя перашкоды накладваецца і скарачэньне колькасьці пакупнікоў на рынках. У людзей становіцца ўсё менш грошай.
Па-трэцяе, на розьнічным рынку абвастраецца канкурэнцыя. Буйныя гандлёвыя сеткі «захопліваюць» традыцыйны іпэшны тавар. Калі тыя ж макароны ці крупы раней пераважна куплялі на рынку, то цяпер іх набываюць пераважна ў «Эўраопце», «Віталюры» або «Рублёўскім».
Падобнае адбываецца і з шырспажывам. На тле неспрыяльнай рынкавай сытуацыі весьці бізнэс досыць цяжка.
Раней некаторыя бізнэсоўцы трымалі свае пасьведчаньні, як кажуць, «пра запас». Але цяпер і гэта робіцца нявыгадным.
Раней некаторыя бізнэсоўцы трымалі свае пасьведчаньні, як кажуць, «пра запас». Але цяпер і гэта робіцца нявыгадным. Фонд сацыяльнай абароны штомесяц патрабуе выплачваць 35% ад памеру мінімальнай заработнай платы — каля 80 дэнамінаваных рублёў. На дадатак да гэтага рэгіструючы орган мае права сам спыніць прадпрымальніцкую дзейнасьць, калі такая не ажыцьцяўлялася на працягу году.
Таму колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў так істотна скарачаецца. Людзі сыходзяць у нікуды, уладкоўваюцца на новую працу, становяцца «дармаедамі». Прычым, дзівіцеся, калегі, сёньня «дармаедам» быць выгадней, чым займацца прадпрымальніцтвам. І гэта пацьвярджаюць наступныя лічбы. За год «дармаед» павінен заплаціць дзяржаве 20 базавых велічынь — 360 рублёў. А індывідуальны прадпрымальнік толькі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва мусіць заплаціць каля 1000 рублёў. Атрымліваецца, што эканамічная выгада ад дармаедзтва відавочная.
Экспэрты прагназуюць, што працэс скарачэньня бізнэсоўцаў будзе нарастаць.
Таму з рынку будуць сыходзіць ня толькі іпэшнікі, але і досыць буйныя суб’екты гаспадараньня: напрыклад, невялікія банкі, прадпрыемствы па 300–500 чалавек. Выглядае, што і колькасьць дармаедаў будзе нарастаць. І да чаго тады дойдзе Беларусь?
Карбалевіч: Паколькі сумна вядомы ўказ № 222 пачаў дзейнічаць з пачатку 2016 году, то было зразумела, што ў выніку колькасьць ІП будзе скарачацца. ІП зьмірыліся з сваім лёсам. На пратэсты выходзіла зусім мала прадпрымальнікаў.
Да таго ж эканамічны крызіс б’е па ўсіх, у тым ліку і па ІП.
Сапраўды, зьявілася моцная канкурэнцыя. Калі на пачатку 1990-х гадоў ІП толькі пачыналі свой бізнэс, танныя замежныя тавары, найперш — адзеньне, абутак было выгадна тут прадаваць. Цяпер зьявіўся вялікі бізнэс, розьнічныя гандлёвыя сеткі. Ніша для ІП зьнікае. Таму ўвогуле незразумела, навошта было штучна выціскаць ІП з рынку, выдаваць гэтыя прэзыдэнцкія ўказы пра сэртыфікацыю, ствараць канфліктную сытуацыю.
Ліквідаваць бізнэс паводле беларускіх законаў ня так проста і хутка.
Але тут выяўляецца яшчэ адна праблема. Справа ў тым, што закрыць, ліквідаваць бізнэс паводле беларускіх законаў ня так проста і хутка. Гэта адкрыць, зарэгістраваць новы бізнэс у Беларусі цяпер даволі проста. Па гэтым паказьніку Беларусь знаходзіцца сярод краін-лідэраў. А вось закрыць бізнэс — доўга і складана.
А што тычыцца пытаньня пра «дармаедаў», то даўно варта адмяніць той указ і ліквідаваць увогуле гэтую праблему. Бо ва ўмовах масавага беспрацоўя нічога, акрамя раздражненьня людзей, гэта не выклікае. Палітычныя страты тут значна перавышаюць эканамічную выгаду, калі яна ўвогуле ёсьць.
Цыганкоў: Трэба зьвярнуць увагу на тое, што ў большасьці краін, якія мы называем цывілізаванымі, малы і сярэдні бізнэс складае пераважную большасьць эканомікі. У некаторых краінах — 50, 60, 70% і далей. У Беларусі гэта 25%. Прытым паказальна, што нават сёлета, калі ўлада нібыта ўзяла, ва ўсялякім выпадку ў сваёй рыторыцы, курс на падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу, гэты працэнт у ВУП зьменшыўся з 25 да 24%. На самой справе стан малога і сярэдняга бізнэсу ў Беларусі пагаршаецца, дзяржаўнай падтрымкі ён не адчувае, і гэта сьведчыць і пра стан агульнаэканамічнай сытуацыі, і пра стаўленьне ўлады да гэтай эканамічнай формы.
Вялікія гандлёвыя сеткі замяняюць дробны гандаль у шмат якіх краінах сьвету.
Ёсьць і сусьветныя тэндэнцыі. Вялікія гандлёвыя сеткі замяняюць дробны гандаль у шмат якіх краінах сьвету. Чалавеку цяпер зручней прыйсьці ў вялікую краму, супэрмаркет, дзе можна знайсьці ўсё, па што раней ён хадзіў у некалькі маленькіх дробных крамак.
Але ў тых краінах прадпрымальнікі займаюцца ня толькі гандлем — але, перш за ўсё, паслугамі, грамадзкім харчаваньнем, рамонтам, рамёствамі і г. д. Праблемы беларускіх малых прадпрымальнікаў абумоўленыя, сярод іншага, і гістарычна. Як сказаў Валер, у 1990-я гады яны былі ледзь не безальтэрнатыўнымі пастаўшчыкамі замежнага адзеньня ў Беларусь, не было вялікіх гандлёвых сетак, і многія зь іх проста ня могуць перабудавацца. Не гатовыя перайсьці на нейкую дробную вытворчасьць або на паслугі. А ў гэтай нішы ўсё-ткі досыць шмат месца, шмат у Беларусі ня зроблена — тут ёсьць што рабіць. Тут, калі так падвесьці, узаемная віна. І самі прадпрымальнікі не адвыклі ад старых часоў, і ўлада не падтрымлівае малы і сярэдні бізнэс, не стварае спрыяльнага асяродзьдзя.