Як гэта было
Калі войскі Вэрмахту ўвайшлі ў Кіеў, савецкія дывэрсанты падарвалі некалькі будынкаў на цэнтральнай вуліцы Храшчацік. Але немцы прызначылі вінаватымі габрэяў і загадалі ўсім прадстаўнікам гэтай нацыянальнасьці зьявіцца 29 верасьня ў Бабін Яр. Яны йшлі дарогаю сьмерці з надзеяю трапіць у Палестыну. І з сабою бралі найкаштоўнейшыя рэчы, на якія потым, пасьля расстрэлаў, «палявалі» забойцы.
Пачынаючы з 29 верасьня, кожны дзень кіраўніцтву нямецкага войска з Кіева адпраўляліся зводкі: «Зондэркаманда 4а ў супрацоўніцтве са штабам групы і дзьвюма камандамі паліцэйскага палку „Поўдзень“ 29 і 30 верасьня 1941 году пакаралі сьмерцю ў Кіеве 33 771 габрэя». У нямецкім данясеньні пра падзеі ў СССР № 111 ад 12 кастрычніка 1941 году ўжо йшлося пра 51 тысячу расстраляных грамадзян. Паводле нямецкіх жа дакумэнтаў, расстрэлы ў Бабіным Яры трывалі бесьперапынна да сярэдзіны лістапада 1941-га.
Пераважную колькасьць ахвяраў складалі габрэі, а ўжо пазьней «акцыі пакараньня» былі распаўсюджаныя на іншыя нацыянальнасьці — цыганоў, а таксама ўкраінцаў, якія актыўна дзейнічалі ў структурах Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. У адным з нямецкіх дакумэнтаў адзначалася, што «прыхільнікаў Бандэры немагчыма прыцягнуць да якой-небудзь станоўчай супрацы, таму застаецца толькі цалкам зьнішчыць гэты рух».
Паказальнымі сталі і расстрэлы камуністаў-падпольшчыкаў, псыхічна хворых, сьвятароў, якія адмаўляліся маліцца за перамогу нямецкіх акупацыйных уладаў, і маракоў Дняпроўскай флятыліі. Гісторыкі дагэтуль ня могуць вызначыць дакладную колькасьць расстраляных немцамі у Бабіным Яры, але гавораць, што найменш гаворка можа весьціся пра долю 200 тысяч грамадзян.
Доўгая дарога да памяці
Савецкія ўлады доўгі час намагаліся пазьбягаць нацыянальных удакладненьняў у гісторыі з масавымі расстрэламі ў Бабіным Яры. Пасьля другой сусьветнай вайны цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Ўкраіны пастанавіў узьвесьці ў Бабіным Яры помнік ахвярам фашысцкага тэрору, але пачатая ў 1948 годзе ўрадам СССР антысэміцкая кампанія «барацьбы з касмапалітамі» зьмяніла пляны. Чыноўнікі вырашылі стварыць на гэтым месцы вялікі забаўляльны парк, а частку тэрыторыі забудаваць (цяпер на частцы тэрыторыі разьмяшчаецца тэлевізійны комплекс украінскага тэлеканалу UA:Першы і жылыя масівы).
Першыя спробы запоўніць глыбокія яры вадкімі адыходамі цагельняў завяршыліся новаю трагедыяй: моцны селевы паток заліў найбліжэйшы раён — Куранёўку. У выніку загінулі больш як паўтары тысячы чалавек. Маштабныя работы былі прыпыненыя. Там, дзе ўдалося заліць яр, праклалі дарогу, а ў іншай частцы ўсё ж зрабілі парк.
Менавіта гэтага яднаньня, яднаньня ўкраінцаў і габрэяў, больш за ўсё баялася савецкая ўлада.
«Савецкая ўлада рабіла ўсё магчымае, каб сьцерці памяць пра Бабін Яр. Спробы схаваць гэтае злачынства сталі яшчэ адным злачынствам, якое забрала жыцьці соцень людзей. Зьнішчэньне Бабінага Яру прывяло да страшнай куранёўскай катастрофы ў 1961 годзе. Аднак забіць чалавечую памяць немагчыма. Нават пасьля зьнішчэньня Яру сюды прыходзілі людзі, каб памянуць яго ахвяраў. На адным з такіх несанкцыянаваных мітынгаў у 1966 годзе ўкраінскі дысыдэнт Іван Дзюба заклікаў украінцаў і габрэяў аб’яднаць намаганьні ў адстойваньні сваіх правоў, у супрацьстаяньні камуністычнаму рэжыму. Менавіта гэтага яднаньня, яднаньня ўкраінцаў і габрэяў, больш за ўсё баялася савецкая ўлада. Таму рабіла ўсё магчымае, каб перашкодзіць яму, таму рабіла ўсё магчымае, каб сеяць разлад паміж украінцамі і габрэямі, і выкарыстоўвала ў гэтым таксама і гісторыю Бабінага Яру», — распавядае кіраўнік Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці Уладзімір Вятровіч.
Менавіта пад ціскам грамадзянаў савецкая ўлада вымушаная была ўстанавіць першы помнік у памяць пра трагедыю Бабінага Яру, праўда, пад агульнаю назваю — «савецкім грамадзянам і ваеннапалонным салдатам і афіцэрам Савецкай арміі, расстраляным нямецкімі нацыстамі». Пры гэтым штогадовыя спробы кіеўскай інтэлігенцыі і габрэйства ўшанаваць памяць расстраляных габрэяў успрымаліся як «сіянісцкія вылазкі».
«Пасьля вызваленьня Кіева ад нямецка-фашысцкіх акупантаў падзеі ў Бабіным Яры сталі шырока вядомымі і абмяркоўваліся. Але празь некаторы час адносіны ўлады і стаўленьне Сталіна да таго, што адбылося, зьмяніліся. Гэта было зьвязана, відавочна, з пэўнымі міжнароднымі тэндэнцыямі і падзеямі, а таксама і з тым, што ў Сталіна ўжо сасьпеў свой плян канчатковага разьвязаньня габрэйскага пытаньня. У кожным разе, пра тое, што адбылося ў Бабіным Яры, пачалі гаварыць і менш, і вельмі так абцякальна, што, маўляў, там расстралялі вялікую колькасьць савецкіх людзей. Фармальна нібыта правільна — сапраўды расстрэльвалі савецкіх грамадзян. Але рэч у тым, што нават савецкіх людзей расстрэльвалі ня толькі за тое, што яны савецкія людзі, а таму, што яны цыганы, і таму, што яны габрэі. Гэты фальш у людзей выклікаў пратэст. Туды штогод сыходзіліся людзі, але ў невялікай колькасьці — сваякі, знаёмыя. Ціхенька яны пакланяліся, плакалі. А вось з нагоды 25-й гадавіны гэта набыло масавы характар», — узгадвае дысыдэнт, украінскі літаратуразнаўца, акадэмік і сталы ўдзельнік несанкцыянаваных мітынгаў у Бабіным Яры Іван Дзюба.
Толькі ў 1991 годзе, пасьля развалу Савецкага саюзу, ва ўрочышчы з ініцыятывы габрэйскай суполкі зьявіўся адмысловы помнік у памяць пра расстраляных габрэяў у выглядзе Мэноры — аднаго з самых старажытных габрэйскіх рэлігійных атрыбутаў і сымбаляў юдаізму.
Пазьней у тыя ж дзевяностыя гады ў Бабіным Яры зьявіліся і іншыя помнікі (на сёньня іх больш як 30) — у памяць пра расстраляных дзяцей, актывістаў Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў і ўкраінскай паэткі Алены Тэлігі, а таксама збудаваны праваслаўны храм.
«Трывалая немагчымасьць распавядаць пра свой боль прывяла да непатрэбнага спаборніцтва паміж нашчадкамі яго ахвяраў, спаборніцтва за тое, чые пакуты сапраўды былі большымі ці мацнейшымі. Напэўна, сёньня ўжо час спыніць гэтыя спрэчкі, зразумець, што Бабін Яр зьяўляецца адначасова сымбалем Галакосту і брацкай магілай іншых ахвяраў нацызму, зразумець, што памяць пра забітых габрэяў не зьневажаецца ўшаноўваньнем забітых там украінцаў і ромаў, зразумець, што гэта ўнікальнае месца, дзе аднолькава дарэчнымі будуць помнікі ў выглядзе габрэйскай Мэноры, цыганскай буды або помнік Алене Тэлізе. Усе разам яны будуць нагадваць будучым пакаленьням аб учыненых тут злачынствах: злачынствах нацыстаў — забойства больш за 100 тысяч людзей, і злачынства камуністаў — забыцьця забітых. Абодва злачынствы не павінны паўтарыцца», — кажа Ўладзімір Вятровіч.
У вядомага ўкраінскага журналіста Віталія Портнікава ў Бабіным Яры загінула сястра ягонай бабулі Рахіля Портнікава. «У многіх кіеўскіх габрэяў ёсьць такія ўспаміны. Хоць я шмат сустракаў падчас свайго жыцьця ў Кіеве людзей рознага паходжаньня, у якіх ёсьць свае ахвяры Бабінага Яру. І мы таксама пра гэта памятаем, пра гэтае месца суцэльнай трагедыі, дзе сканчалася дабро і пачыналася зло», — кажа ён.
Памяць ахвяраў — гэта тое, што мы маем рэальна зрабіць падмуркам адказнасьці кожнага грамадзяніна за сваіх суграмадзян.
«Але калі я думаю пра Бабін Яр, я заўсёды думаю пра адказнасьць. Пра адказнасьць дзяржавы. Мы шмат гаворым пра тое, што зрабіў тут гітлераўскі Райх, і шукаем яго паслугачоў. Але мы заўсёды павінны памятаць, што дзяржавай, якая пакінула гэтых людзей катам, быў Саюз савецкіх сацыялістычных рэспублік. Гэта ён пакінуў сваіх грамадзян на волю лёсу, гэта ён не эвакуяваў нават тых, каго мог. І пра гэта мы павінны памятаць, калі сёньня будуем новую дзяржаву. Украінская дзяржава павінна быць адказная за будучыню кожнага свайго грамадзяніна. Памяць ахвяраў — гэта тое, што мы маем рэальна зрабіць падмуркам такой адказнасьці, адказнасьці кожнага грамадзяніна за сваіх суграмадзян і адказнасьці кожнага грамадзяніна за тое дабро і зло, якое рабілася на гэтых тэрыторыях. Толькі тады можам быць упэўненыя, што трагедыя Бабінага Яру ніколі не паўторыцца на нашых землях», — кажа журналіст.
Сёньня ўвечары тысячы замежных гасьцей розных нацыянальнасьцяў, у тым ліку і прадстаўнікі беларускага габрэйства, ушануюць памяць ахвяраў Бабінага Яру. А 19-й гадзіне да іх далучыцца прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. Кіраўнік Ізраілю Рэўвэн Рыўлін вымушаны быў зьмяніць пляны і пакінуць Украіну ў сувязі са сьмерцю былога прэзыдэнта дзяржавы Шымона Пэрэса.